Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяды — 2015. Шэсьце да Курапатаў (жывая трансьляцыя)

Сёньня ў Менску адбылося шэсьце да Курапатаў. Удзел бралі да 500 чалавек. Актывісты несьлі бел-чырвона-белыя сьцягі і партрэты рэпрэсаваных. Абышлося без затрыманьняў.

14:18 1.11.2015

Баршчэўскі: Уладам зручней выдаваць сябе за нашчадкаў катаў

Лявон Баршчэўскі
Лявон Баршчэўскі

Палітык і лінгвіст Лявон Баршчэўскі лічыць, што беларускія ўлады ня будуць спрыяць пашырэньню праўды пра Курапаты, пакуль Беларусь будзе залежаць ад Расеі:

«Вельмі цешуся, што людзі ахвяруюць час, сродкі, грошы на тое, каб памяць пра Курапаты жыла. Веру, што прыйдзе час, калі гэтым будзе займацца дзяржава.

Але пакуль уладам выгодней выдаваць сябе за нашчадкаў катаў, а не змагароў за праўду пра рэпрэсіі. Чаму? Таму што мы ведаем, якія сілы кіруюць у Расеі, а нашым уладам вельмі патрэбна падтрымка расейскіх уладаў. Там кіруюць нашчадкі тых забойцаў, якія нішчылі беларускі народ».

14:19 1.11.2015

Арганізатары наракаюць, што калёну наўмысна «расьсякаюць»

Калёна падышла да Лагойскага тракту. Удзельнікі мусяць падоўгу стаяць на сьветлафорах, чакаючы пакуль падцягнецца «хвост» шэсьця.

Заяўнік акцыі Юрась Беленькі расказаў Свабодзе, што прасіў у выканкамаўскіх чыноўнікаў, каб у выходны дзень, не загружаны транспартам, было дазволена пераходзіць вуліцы адной калёнай. Аднак выглядае, што пайсьці насустрач мітынгоўцам праваахоўныя структуры не захацелі.

Зрэшты, іншых прэтэнзіяў да ўладаў у арганізатараў мерапрыемства пакуль няма. Ад Лагойскага тракту да ўрочышча Курапаты з улікам «прастою» на сьветлафорах — паўгадзіны.

14:20 1.11.2015

Міліцэйскія апэратары на блакітнай «Газэлі»: бачым усё

Усю дарогу на Курапаты ўдзельнікаў шэсьця суправаджае блакітны міліцэйскі мікрааўтобус «Газэль».

Адмыслоўцы сьцьвярджаюць, што гэта своеасаблівы перасоўны здымачны пункт, «апэратары» якога схаваныя ад людзкіх вачэй за глухімі сьценамі. Здымкі вядуцца стацыянарнымі шырокафарматнымі камэрамі і могуць стаць падставай да прыцягненьня да адказнасьці ў выпадку, калі праваахоўнікі палічаць дзеяньні мітынгоўцаў супрацьзаконнымі.

Тым часам назіральнікі сьцьвярджаюць, што ў калёне ідуць супрацоўнікі спэслужбаў у цывільным, якія напачатку здымалі падзеі на відэакамэры, а потым начапілі на сябе бел-чырвона-белыя стужкі.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG