Адміністрацыя Белага дому зьбіраецца ў бліжэйшы час аб’явіць пра разьмяшчэньне ў Сырыі невялікага кантынгенту Сіл спэцыяльных апэрацый ЗША, члены якога будуць выконваць ролю ваенных дарадцаў, паведамляе Reuters са спасылкай на крыніцы ў адміністрацыі прэзыдэнта і Кангрэсе ЗША.
Адна з крыніцаў на ўмове ананімнасьці сказала, што склад групы ня будзе перавышаць некалькіх дзясяткаў чалавек. Паводле дадзеных агенцтва, у Сырыю накіруюцца 20-30 вайскоўцаў. Іншая крыніца адзначыла, што функцыі амэрыканскіх вайскоўцаў будуць абмяжоўвацца «парадамі і дапамогай» сырыйскай боку.
Паводле зьвестак The Wall Street Journal, колькасьць амэрыканскіх вайскоўцаў у гэтай групе будзе дасягаць 50 чалавек. Крыніца тэлеканалу ABC таксама паведамляе, што ў Сырыю будуць накіраваныя да 50 амэрыканскіх вайскоўцаў.
Між тым на тэлеканале NBC запэўніваюць, што Белы дом неўзабаве абвесьціць пра пляны правядзеньня наземных спэцапэрацый у Сырыі. NBC ня стаў раскрываць інфармацыю аб крыніцы гэтых зьвестак. Крыніцы Reuters растлумачылі, што падобнае рашэньне кіраўніцтва ЗША адлюстроўвае стратэгію падтрымкі памяркоўных паўстанцаў у Сырыі. Раней улады ЗША адмовіліся ад няўдалай праграмы падтрымкі паўстанцаў з групоўкі «Сырыйская свабодная армія».