Маскоўскі суд Берасьця не пакараў чатырох берасьцейскіх фанатаў, якія былі затрыманыя 10 кастрычніка папдчас спробы выезду на акцыі апазыцыі ў Менск.
Судзьдзя Раман Карабан не прыняў абвінаваўчага рашэньня «за нязначнасьцю» правапарушэньня.
На сёньняшнім паседжаньні з чатырох фанатаў прысутнічаў толькі Андрэй Кавальчук:
«Нас не апраўдалі, сказалі толькі, што нашыя дзеяньні не нанесьлі шкоды. Але адседзелі мы двое сутак незаконна. Трэба думаць, як дабіцца, каб нас сапраўды апраўдалі,» — кажа Кавальчук.
10 кастрычніка Андрэй Кавальчук з трыма сябрамі — Глебам Грынбергам, Мікалаем Хатынюком, Дзьмітрыем Абрамуком — выехалі зь Берасьця ў Менск на «Шэсьце нацыянальнага сьцяга». Але іх машыну перапынілі супрацоўнікі ДАІ на выезьдзе з гораду.
Хлопцам сказалі, што яны падобныя да злачынцаў, прывезьлі ў пастарунак ды зьвінавацілі ў брыдкаслоўі. Двое сутак фанаты правялі ў ізалятары часовага ўтрыманьня ў чаканьні суду.
Андрэй Кавальчук распавядаў Свабодзе, што ў часе знаходжаньня ў ізалятары да яго прыходзілі супрацоўнікі КДБ і распытвалі пра тое, як ён ставіцца да падзеяў ва Ўкраіне і зь якімі мэтамі ён езьдзіў ва Ўкраіну.
Справу камэнтуе берасьцейскі праваабаронца Ўладзімер Вялічкін:
«Сэнс гэтага рашэньня — даць чалавеку зразумець, што ён дробны хуліган. То бок, ён ніякі не грамадзкі актывіст, а дробны „мацюгальнік“. Такім чынам насаджаюцца адпаведныя адносіны ў грамадзтве да гэтай катэгорыі людзей. І гэта вельмі эфэктыўна атрымоўваецца. Гэта — аснова дзяржаўнай прапаганды: абразіць чалавека, даць яму зразумець, што ён нішто.»
Спадар Вялічкін мяркуе, што дабіцца апраўданьня па абвінавачваньні ў брыдкаслоўі фанатам будзе практычна немагчыма.