У Баранавічах на рынку адбылася сустрэча прадпрымальнікаў і чыноўнікаў з нагоды калектыўнага звароту гандляроў да прэзыдэнта.
32 прадпрымальнікі каапэратыўнага рынку Баранавічаў падпісаліся пад лістом у Адміністрацыю прэзыдэнта, салідарызаваўшыся зь бізнэсоўцамі Полацку, якія пратэставалі 16–17 кастрычніка.
Арганізатар калектыўнага звароту Мікола Чарнавус прапанаваў такім чынам падтрымаць ліст аб’яднаньня прадпрымальнікаў «Пэрспэктыва» да ўладаў. Гандляры просяць накласьці мараторый на праверкі ў межах указу № 222 пасьля выпадкаў канфіскацыі тавараў на Полацкім рынку. У звароце баранавіцкіх прадпрымальнікаў выказвалася думка, што ў выніку напружанай сытуацыі на рынках «у нашым горадзе могуць узьнікнуць стыхійныя хваляваньні, і гэта можа стаць перадумовай для сацыяльнага выбуху».
На сход да баранавіцкіх прадпрымальнікаў прыйшлі мясцовыя начальнік упраўленьня гандлю, намесьнік начальніка падатковай інспэкцыі, старшыня райспажыўтаварыства, прыехаў абласны чыноўнік, ды іншыя.
Чыноўнікі спрабавалі супакоіць прадпрымальнікаў, казалі, што сытуацыяў, падобнай да полацкай, у Баранавічах ня будзе, кажа Мікола Чарнавус:
«Наш ліст усё-ткі дайшоў да чыноўнікаў. Пабойваюцца крыху прадпрымальнікаў, калі прыйшлі з намерам растлумачыць, што, маўляў, нічога ня бойцеся, працуйце, плаціце падаткі, і вас ніхто чапаць ня будзе».
На сходзе частка прадпрымальнікаў адмовіліся перад чыноўнікамі ад сваіх подпісаў, заявіўшы, што Чарнавус не патлумачыў ім, за што яны падпісваюцца.
«Народ проста баіцца і здаў назад. Ад страху, што іх пачне правяраць падатковая інспэкцыя, прэсаваць... Усе прадпрымальнікі былі салідарныя з полацкімі, падпісаліся больш за 30 чалавек. Але некаторыя потым спалохаліся і перадумалі», — кажа Мікола Чарнавус.