Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве кніг нобэлеўскай ляўрэаткі не купіць: разабралі


Сьвятлана Алексіевіч
Сьвятлана Алексіевіч

За тры тыдні, як Сьвятлане Алексіевіч прысудзілі Нобэлеўскую прэмію, яе кнігі ў магілёўскіх кнігарнях не зьявіліся. А тыя, што былі, паразьбіралі. Тым часам попыт на кнігі нобэлеўскай ляўрэаткі, кажуць у кнігарнях, не спадае.

Кнігары кажуць: кнігі Сьвятланы Алексіевіч разабралі адразу ж, як стала вядома, што яна ляўрэатка Нобэлеўскай прэміі. Паводле загадчыкаў крамаў, да прысуджэньня прэміі вялікага попыту на творы Алексіевіч не было.

«Кніг было нямала, але попыт малы быў на іх, — кажа загадчык магілёўскай кнігарні „Буква“. — Адну кнігу куплялі на месяц. Гэта было да ўручэньня прэміі. Як толькі ўсё здарылася, кніг ня стала ў нас. Новых паставак пакуль не было».

Паводле суразмоўцы, людзі пастаянна пытаюцца, ці ёсьць у продажы кніжкі Алексіевіч. На пытаньне, дзе раней набывалі яе кнігі, загадчык крамы адказаў: «Бралі ў менскім выдавецтве, а яны, у сваю чаргу, прывозілі з Масквы».

У іншых кнігарнях ня ўтойвалі, што кніг Алексіевіч у продажы было няшмат. Цяпер таваразнаўцы шукаюць, дзе іх прыдбаць.

Мы замовілі гэтыя кніжкі, але з прычыны вялікага ажыятажу на ўсясьветным узроўні нашу замову ня выканалі. Кніжкі проста разабралі ў Маскве.

«Мы замовілі гэтыя кніжкі, але з прычыны вялікага ажыятажу на ўсясьветным узроўні нашу замову ня выканалі, — тлумачыць загадчыца яшчэ адной магілёўскай кнігарні. — Кніжкі проста разабралі ў Маскве. Іх там няма. Таму і ў нас іх пакуль няма».

У аб’яднаньні «Магілёўкніга», якому падпарадкоўваецца бальшыня кнігарань гораду, запэўнілі: кнігі Алексіевіч зьявяцца на наступным тыдні. Іх прывязуць з маскоўскіх выдавецтваў.

Тым часам мінакі на магілёўскіх вуліцах, зь якімі ўдалося пагутарыць, прызнаваліся, што няшмат ведаюць пра творчасьць першага беларускага нобэлеўскага ляўрэата.

«Ці чулі вы пра такую пісьменьніцу Сьвятлану Алексіевіч?» — пытаюся ў магілёўцаў.

«Так, вядома», — заяўляе адзін зь першых суразмоўцаў. На пытаньне, што ведае мужчына з творчасьці пісьменьніцы, прызнаецца: «Нічога. Я зь беларускіх пісьменьнікаў нікога не чытаю. Ня ўмею чытаць па-беларуску». Заўвага журналіста, што Алексіевіч ня піша па-беларуску, магілёўца зьбянтэжыла: «Я ўсё адно не чытаў. Пра Нобэлеўскую прэмію ёй я чуў. Цікава даведацца будзе, за што ёй яе ўручылі. Абавязкова, мо і кнігу яе прачытаю», — заключыў суразмоўца.

Паліца з кнігамі Сьвятланы Алексіевіч ў «Цэнтральнай кнігарні» ў Менску
Паліца з кнігамі Сьвятланы Алексіевіч ў «Цэнтральнай кнігарні» ў Менску

«Не, ня чула пра Алексіевіч, — падхоплівае наступная суразмоўніца. — І пра нобэлеўскую прэмію, што ёй уручылі, нічога ня чула. Кажу як ёсьць, шчыра».

«Яна нібыта Нобэлеўскую прэмію атрымала», — нясьмела выказваецца яшчэ адзін мінак. Мужчына перадпэнсійнага веку прызнаецца: кніжак Алексіевіч не чытаў: «Цяпер, пасьля Нобэлеўскай прэміі, хочацца прачытаць, але дзе тыя кніжкі купіць?», — заўважае ён. На пытаньне, чаму Аляксандар Лукашэнка гэтак нэрвова ўспрымае выказваньні Сьвятланы Алексіевіч, суразмоўца адказвае: «Наагул ягонае стаўленьне да людзей дужа кепскае. Хоць ён і крычыць, што ён народны прэзыдэнт».

Гутарка з наступным суразмоўцам выдалася працяглай. Адзін з твораў Алексіевіч, «У войны не женское лицо», мужчына чытаў. «Як празаік яна слабенькая, а вось як чалавек, які дужа добра перадае эмоцыі і сытуацыі, то яна ўражвае», — выказвае свой пункт гледжаньня на творчасьць пісьменьніцы магілёвец.

«Калі браць расейскамоўную літаратуру, то цяпер дужа цяжка некага знайсьці, вартага Нобэлеўскай прэміі, — дадае ён. — Яна ж выключна ў расейскай традыцыі піша і жыве. Яе цяжка далучыць да беларускіх пісьменьнікаў».

Кнігі Сьвятланы Алексіевіч
Кнігі Сьвятланы Алексіевіч

На пытаньне пра прычыны нэгатыўнага стаўленьня кіраўніка беларускай дзяржавы да Сьвятланы Алексіевіч суразмоўца адказаў: «Тут чыста адміністрацыйны комплекс — маўляў, гэта чалавек, якому я нічога не магу зрабіць, бо гэта ляўрэат Нобэлеўскай прэміі. Крыўдна з кімсьці яшчэ дзяліць вядомасьць. Вось выбары, як вы, відаць, ведаеце, не прызналі, а выхадцу зь Беларусі далі прэмію».

Пра веданьне творчасьці Сьвятланы Алексіевіч заявіла наступная суразмоўніца, жанчына сталага веку. Яна прызналася, што чытала толькі ўрыўкі з аднаго з твораў пісьменьніцы ў адным зь літаратурных часопісаў: «Чытала пра жанчын, якія прайшлі вайну. Гэта былі страшныя гісторыі. Дужа эмацыйныя», — сказала жанчына. Кепскіх выказваньняў пісьменьніцы пра Беларусь суразмоўніца ня чула, аднак пра прычыны нэгатыўнага стаўленьня Аляксандра Лукашэнкі да Алексіевіч выказала меркаваньне: «Яна такі чалавек, які кажа праўду, і дужа вострую праўду, а вось праўда не заўжды ўсім падабаецца».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG