Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэжысэр спэктакля «Час сэканд хэнд»: Расея гатовая да зьяўленьня канцлягераў


Уладзімер Пятровіч
Уладзімер Пятровіч

Два спэктаклі паводле твораў Сьвятланы Алексіевіч пакажуць у Бабруйску з 27 да 31 кастрычніка на сцэне Магілёўскага абласнога тэатру драмы і камэдыі імя Дуніна-Марцінкевіча падчас традыцыйнага Рэспубліканскага фэстывалю нацыянальнай драматургіі.

Адзін зь іх — «СвиДЕТИли?» — пастаноўка Гомельскага гарадзкога моладзевага тэатру паводле твору «Апошнія сьведкі».

Другі спэктакль — гэта «Час СЭКАНД ХЭНД» паводле аднайменнага твору. У Магілёўскім абласным драматычным тэатры ён ідзе са студзеня 2015 году.

Рэжысэр «Часу СЭКАНД ХЭНД» Уладзімер Пятровіч, які да таго ж грае ў спэктаклі адну зь вядучых роляў, расказаў Свабодзе, у чым бачыць падабенства падзеяў у творах Алексіевіч з тым, што адбываецца з Расеяй і яе суседзямі, а таксама падзяліўся сваім меркаваньнем пра тое, чаму Нобэлеўская прэмія беларускага аўтара выклікала нэрвовую рэакцыю ўладаў.

Уладзімер Пятровіч
Уладзімер Пятровіч

— Уладзімер Аляксеевіч, чаму вы вырашылі паставіць «Час СЭКАНД ХЭНД»?

— Калі я прачытаў кнігу, то адчуў, што большая частка маналёгаў сугучная з тым, што я сам думаю, што мяне турбуе. Адзін з маналёгаў я выбраў для сябе — я ня толькі рэжысэр, але і актор у гэтым спэктаклі, граю былога вайскоўца. Яшчэ адна прычына, чаму я паставіў «Час СЭКАНД ХЭНД», — тое, што цяпер адбываецца вакол, найперш ва Ўкраіне, тое, што робіць Расея ў дачыненьні да Ўкраіны, Беларусі і ўсяго сьвету. Пра гэта трэба крычаць.

— У чым падабенства падзеяў «Часу СЭКАНД ХЭНД» і таго, што адбываецца цяпер?

Я не зьдзіўлюся, калі хутка зьявяцца канцлягеры — гэта цалкам можа адбыцца, таму што народ да гэтага ўжо гатовы.

— Вяртаньне да сталінскіх часоў. Нават ня проста да савецкага пэрыяду. Савецкі пэрыяд — гэта кепска, але гэта шэра і амаль што бяскрыўдна. Але вяртаньне да сталінскіх часоў — гэта вяртаньне да рэпрэсіяў. Я не зьдзіўлюся, калі хутка зьявяцца канцлягеры — гэта цалкам можа адбыцца, таму што народ да гэтага ўжо гатовы. У прыватнасьці, расейскі народ да гэтага цалкам падрыхтаваны — да цкаваньня за іншадумства, за тое, што нехта думае ня так, як большасьць, якая цяпер дамінуе ў Расеі. Гэта страшна. Людзі вельмі хутка забылі тое, чым жылі цягам дзесяцігодзьдзяў, за якія зьнішчылі мільёны і дзясяткі мільёнаў жыцьцяў. Мы ж бачым, што пачынаюць узнаўляць помнікі Сталіну, пачынаюць лічыць яго ледзь ня богам. Варта паглядзець на тое, што дзеецца ва Ўкраіне. Шавінізм, уціск драбнейшых народаў цягне за сабой узнаўленьне імпэрыі. Мяне гэта вельмі моцна турбуе.

— Вы кажаце пра Расею і Ўкраіну. А якая тут роля Беларусі?

— Мы вельмі залежым ад Расеі. Варта ёй варухнуць плячыма, як нас ня будзе. І яна можа гэта зрабіць.

— Якім чынам творы Сьвятланы Алексіевіч, якія пабудаваныя ў выглядзе расповедаў, увасабляюцца на тэатральнай сцэне? Увогуле, да якога жанру належыць спэктакль «Час СЭКАНД ХЭНД»?

Я веру: прыйдзе час, калі па суб’ектыўных выказваньнях герояў кніг Алексіевіч будуць вывучаць гісторыю.

— Пастаноўку «Час СЭКАНД ХЭНД» я б назваў дакумэнтальным тэатрам. Гэта не відовішчны спэктакль. Таму часта, калі просяць выслаць фатаздымкі са спэктакля, я разумею, што фатаздымкі нічога не адлюстроўваюць — ну, стаяць людзі і стаяць. Гэта трэба бачыць. Гэта трэба слухаць. Гэта пастаноўка, дзе адбываецца абмен энэргіямі — паміж акторам і акторам, паміж акторам і гледачом. Але візуальных эфэктаў няма, прыгожай карцінкі няма. Гэта не адпачынак — гэта цяжкая праца. Але гэта «прабівае» гледача — я адчуваю гэта, граючы спэктакль у розных краінах. Я веру: прыйдзе час, калі па суб’ектыўных выказваньнях герояў кніг Алексіевіч будуць вывучаць гісторыю. Таму што празь сюжэты, расказаныя ў кнігах, можна зразумець час, у якім мы жывем.

— Вы даволі рэдка граеце на сцэне. Чаму ўзялі сабе адну з роляў у «Часе СЭКАНД ХЭНД»?

— Быў вельмі балючы маналёг. Я зразумеў, што апроч мяне ў тэатры яго ніхто ня возьме, ды я і не даверыў бы нікому гэтую ролю. Апроч гэтага, я найлепш падыходзіў па ўзросьце для гэтай ролі.

— А вы верылі, што Алексіевіч атрымае Нобэля?

— Вядома, вельмі спадзяваўся і чакаў. Я думаю, што гэтай узнагародай адзначаная ня толькі кніга «Час СЭКАНД ХЭНД», але ўся творчасьць Сьвятланы Алексіевіч. Я ведаў, што летась для перамогі не хапіла аднаго голасу, таму сёлета перамога была вельмі імаверная. Калі я даведаўся, што Нобэль наш, я ўголас закрычаў «Ура!», хоць быў у публічным месцы. Усё заслужана, вельмі рады за нашу пісьменьніцу.

Сьвятлана Алексіевіч пасьля атрыманьня Нобэлеўскай прэміі дае першае інтэрвію
Сьвятлана Алексіевіч пасьля атрыманьня Нобэлеўскай прэміі дае першае інтэрвію

— Ці дастаткова ў нас вядомыя творы Сьвятланы Алексіевіч?

— Я думаю, што ў Беларусі яе творы ўвогуле мала хто ведае. Прынамсі, пакуль што. Я ніколі ня бачыў «Час сэканд хэнд» у друкаваным выглядзе, сам чытаў з манітора ў інтэрнэце. Але я думаю, што цяпер папулярнасьць рэзка павысіцца. Я сачыў, што пісалі пра Алексіевіч у інтэрнэце пасьля таго, як яна атрымала Нобэля, і заўважыў, што шматлікія людзі ня ведаюць яе твораў, але зьбіраюцца іх прачытаць. Лічу, што гэта вельмі добра. Зразумела, улады павінны нешта зрабіць, каб яе творчасьць вывучалася. Як бы яны ні ставіліся да Алексіевіч, але яна піша пра трагічныя лёсы, пра якія мы павінны памятаць, каб захавацца як нацыя. Таму што калі такое забываецца, то можна вельмі хутка стройнымі шэрагамі прыйсьці да канцлягераў.

— Каго вы бачыце гледачом свайго спэктакля «Час СЭКАНД ХЭНД»? Каму раіце яго паглядзець?

Моладзі трэба чытаць і глядзець «Час сэканд хэнд», таму што такім чынам яны даведаюцца больш пра тое, што так старанна хаваюць ад іх. Старэйшыя — узгадаюць сваю маладосьць.

— Найперш — моладзі. А лепш — усім. Я бачыў сьлёзы ў вачах пажылых гледачоў, чуў іх шчырыя «дзякуй». А моладзі трэба чытаць і глядзець «Час сэканд хэнд», таму што такім чынам яны даведаюцца больш пра тое, што так старанна хаваюць ад іх. Старэйшыя — узгадаюць сваю маладосьць. У нас няма сям’і, якая б наўпрост ці ўскосна не сутыкнулася з тым, што кагосьці пасадзілі ці расстралялі.

— Як вы лічыце, чаму ўлады Беларусі, замест таго каб ганарыцца Алексіевіч і выкарыстоўваць яе ўганараваньне дзеля павышэньня аўтарытэту Беларусі ў сьвеце, публічна абвінавачваюць яе ў недастатковым патрыятызьме, нібыта яна «выліла цэбар бруду на краіну»?

— У люстэрка заўсёды непрыемна глядзець. Асабліва калі гэтае люстэрка паказвае праўду. Таму няма нічога дзіўнага ў паводзінах уладаў. Я таксама заўважыў, што элітныя расейскія літаратурныя выданьні жорстка накінуліся на Алексіевіч і нават даказваюць, што ніякая яна не пісьменьніца. Чым гэта скончыцца? Я думаю, тыя, хто ўмее думаць, зразумеюць, што чым больш будзе такой крытыкі, тым больш сьведчаньняў, што Сьвятлана зрабіла ўсё слушна. Проста праўда вочы коле. Што да Аляксандра Лукашэнкі, то паказальна тое, што віншаваньне ад яго прыйшло пасьля таго, як усе павіншавалі і пазахапляліся. Ну што, дзякуй і на тым. Мог і не павіншаваць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG