Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейская прэса цкуе Алексіевіч, як у свой час савецкая — Салжаніцына


Савецкі дысыдэнт Аляксандар Салжаніцын атрымаў Нобэлеўскую прэмію па літаратуры ў 1970 годзе. Ягоная кніга «Архіпэлаг ГУЛАГ» упершыню выйшла на Захадзе ў 1973 годзе. Савецкая прэса ў адказ на гэтыя дзьве падзеі разгарнула маштабныя прапагандысцкія кампаніі.

Газэта «The Moscow Times» праводзіць паралелі паміж рэакцыяй савецкай прапаганды на прысуджэньне Нобэлеўскай прэміі Салжаніцыну і ацэнкамі, якія гучаць у расейскай прэсе пасьля абвяшчэньня Нобэлеўскім камітэтам сёлетняй ляўрэаткі — Сьвятланы Алексіевіч. Супадзеньні — уражваюць.

Нумары папулярнай сярод інтэлігенцыі «Литературной газеты» былі запоўненыя артыкуламі пра Салжаніцына з фармулёўкамі кшталту «здраднік радзімы», «лёгіка маральнага заняпаду», альбо «літаратурны ўласавец». У апошнім выпадку меўся на ўвазе былы савецкі генэрал-лейтэнант Андрэй Уласаў, які супрацоўнічаў з нацыстамі. Нікога не турбавала, што такое параўнаньне было зроблена ў дачыненьні да вэтэрана і кавалера двух баявых ордэнаў.

Асноўны пастулят: Салжаніцын выступіў супраць мірнай палітыкі савецкай дзяржавы і, такім чынам, павінен быць высланы ў ЗША.

Адразу пасьля таго, як ён атрымаў Нобэлеўскую прэмію, «Литературная газета» апублікавала «Адкрыты ліст амэрыканскага сьпевака Дзіна Рыда пісьменьніку Салжаніцыну». Там казалася, у прыватнасьці:

«Вы ахарактарызавалі Савецкі Саюз як глыбока хворае грамадзтва, якое пакутуе ад нянавісьці і несправядлівасьці - але вы павінны гаварыць аб маёй краіне, а ня вашай! Гэта Амэрыка, а не Савецкі Саюз, пачынала войны і стварыла гэтую сытуацыю напружанасьці!... Хворае грамадзтва знаходзіцца ў маёй краіне, а ня ў вашай, спадар Салжаніцын! Гэта Амэрыка, а не Савецкі Саюз, ператварылася ў самую гвалтоўную супольнасьць у гісторыі чалавецтва».

Цяпер, больш чым праз сорак гадоў, Нобэлеўскі камітэт прысудзіў прэмію па літаратуры беларускай пісьменьніцы Алексіевіч, якая піша на расейскай мове. Але самае галоўнае, яна мае важнае значэньне для рэжыму прэзыдэнта Уладзіміра Пуціна.

І што вы думаеце? Адразу ж, у той самай «Литературной газете» і яшчэ ў «воргане творчай інтэлігенцыі», газэце «Культура» апублікаваныя артыкулы, якія неаднаразова і практычна слова ў слова паўтараюць тое, што пісалася пра Салжаніцына ў 1970-х. Падабенства неверагоднае.

У сваім апошнім выпуску «Литературная газета» піша:

«Сьвятлана Алексіевіч зьяўляецца клясычным антысаветчыкам. ...Як і раней, народ Расеі не падзяляе гэтыя антысавецкія ідэі. Акрамя таго, пераважная большасьць падтрымлівае Пуціна».

«Калі б японец Муракамі атрымаў Нобэлеўскую прэмію па літаратуры, у рэшце рэшт, гэта было б значна больш справядліва, таму што, у адрозьненьне ад Алексіевіч, Муракамі сапраўдны пісьменьнік, і добры».

«Нобэлеўскі камітэт, відавочна, прыняў рашэньне на падставе палітычных меркаваньняў. Яго галоўнай мэтай было павысіць статус Алексіевіч і зьвярнуць увагу на аўтара».

І — у ролі Дзіна Рыда — італьянскi журналіст і палітычны дзеяч Джульета Кьеза апублікаваў гэткія словы ў газэце «Культура»:

«Спадарыня Алексіевіч атрымала Нобэлеўскую прэмію за свае заявы, якія ня маюць ніякай сувязі з рэальнасьцю. Узнагарода была выкарыстаная ў якасьці нападу на Расею і Пуціна. Гэта была палітычная акцыя, якая ня мела нічога агульнага зь літаратурай».

Машына часу Пуціна вярнула Расею на некалькі дзесяцігодзьдзяў у мінулае.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG