Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея зьбіраецца стварыць разам зь Беларусьсю ваенную арганізацыю


Міністар абароны Расеі Сяргей Шайгу
Міністар абароны Расеі Сяргей Шайгу

Міністар абароны Расеі Сяргей Шайгу заявіў, што Масква і Менск у бліжэйшыя два гады створаць адзіную ваенную арганізацыю Саюзнай дзяржавы. Экспэрты між тым не разумеюць, якая арганізацыя маецца на ўвазе.

Заява Сяргея Шайгу была зроблена па выніках сумеснай калегіі міністэрстваў абароны дзьвюх краін.

«Зацьвердзілі плян сумесных мерапрыемстваў на 2016–2018 гады, які накіраваны на фармаваньне ваеннай арганізацыі Саюзнай дзяржавы, стварэньне надзейнага мэханізму яе збройнай абароны», — цытуе Шайгу РБК.

Алесін: нічога прынцыпова новага створана быць ня можа

Вайсковы аглядальнік Аляксандар Алесін у інтэрвію Радыё Свабода заявіў, што яму не зусім зразумела, якую ваенную арганізацыю мае на ўвазе Шайгу. Але, хутчэй за ўсё, нічога прынцыпова новага тут ствараць не плянуецца.

Аляксандар Алесін
Аляксандар Алесін

«Ёсьць нейкія фармальна зацьверджаныя органы Саюзнай дзяржавы — гэта сумесная калегія міністэрстваў абароны, гэта адзіная групоўка сухапутных войскаў, адзіная рэгіянальная сыстэма СПА, створаны штабныя структуры. Асноўныя нарматыўныя дакумэнты, паводле якіх ажыцьцяўляецца ваенная дзейнасьць у Саюзнай дзяржаве, усе вядомыя. А што тычыцца гэтай абстрактнай арганізацыі, то я нават ня ведаю, што сказаць, таму што пакуль няма дакладных парамэтраў яе, няма нарматыўных дакумэнтаў. Ва ўсякім выпадку, нічога бяз згоды двух вярхоўных галоўнакамандуючых абедзьвюх краін — Лукашэнкі і Пуціна — быць ня можа. Бо ў дадзеным выпадку калегія міністэрстваў абароны — гэта дарадчы орган, і што б яны там ні прапанавалі, усё роўна ўсё будзе зацьвярджацца кіраўнікамі дзяржаў.

Я думаю, што нічога прынцыпова новага створана быць ня можа. Таму што нават плян сумеснай абароны ў нас ёсьць на выпадак вайны, а вышэй за гэта нічога быць ня можа. Магчыма, будзе проста дэталізавана дзейнасьць ужо існуючых органаў, прапісаны будуць працэдуры», — кажа ён.

Мельянцоў: заява Шайгу — гэта элемэнт інфармацыйнага ціску на беларускі бок

Палітоляг Дзяніс Мельянцоў лічыць, што заява Сяргея Шайгу — гэта не абнародаваньне плянаў далейшай вайсковай інтэграцыі Расеі і Беларусі, а элемэнт інфармацыйнага ціску, які чыніцца на беларускі бок у сувязі зь меркаваным разьмяшчэньнем на тэрыторыі Беларусі расейскай авіябазы:

Дзяніс Мельянцоў
Дзяніс Мельянцоў

«Цяжка сьцьвярджаць, што меў на ўвазе Сяргей Шайгу. Бо няма ніякай дадатковай інфармацыі. Выглядае, што яго заява пра стварэньне „адзінай ваеннай арганізацыі“ ў 2016–2018 гадах знаходзіцца ў адной плоскасьці з інфармацыйным ціскам, якія цяпер чыніцца ў дачыненьні да Беларусі наконт разьмяшчэньня расейскай авіябазы. Таму цалкам магчыма, што гэтую заяву можна трактаваць хутчэй як элемэнт інфармацыйнага ціску на беларускі бок, чым як абнародаваньне плянаў далейшай інтэграцыі. Няма сэнсу плянаваць далейшую інтэграцыю, бо яна і так надзвычай шчыльная».

Дзяніс Мельянцоў патлумачыў, у чым палягае вайсковая інтэграцыя Расеі і Беларусі:

«Вайсковая інтэграцыя вельмі шчыльная ў межах АДКБ. Гэтая арганізацыя — аналяг НАТО. Значыць, у выпадку, калі нехта нападае на адну краіну, якая ўваходзіць у АДКБ, астатнія яе бароняць. У межах АДКБ ёсьць сілы хуткага рэагаваньня, аналягічна як і ў НАТО. Таксама працуе вайсковы мэханізм на двухбаковым узроўні — калі прыходзіць пагроза вайны, то беларускае войска становіцца часткай супольнага расейска-беларускага войска. Усё гэта сьведчыць пра вельмі шчыльную вайсковую інтэграцыю. Цяжка прыдумаць нейкую форму інтэграцыі, якая будзе яшчэ больш шчыльнай. Хіба што ўліваньне беларускага войска ў сыстэму расейскай арміі ў мірны час, калі няма пагрозы вайны».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG