Беларускі праект турыстычных квэстаў для актыўнага і інтэлектуальнага адпачынку «Shukaj.by» http://shukaj.by/ пашырае беларускую гісторыю і культуру, запрашаючы менчукоў і гасьцей гораду паўдзельнічаць у экскурсіях-гульнях. Пра тое, як гэта працуе, Свабода пагутарыла з кіраўніком праекту Яраславам Ліхачэўскім.
— Што такое гарадзкі квэст? І калі ён зьявіўся ў Беларусі?
— Квэст — гэта гульня з пагружэньнем у нейкую гісторыю. Увогуле, першыя квэсты зьявіліся ў 80-я гады — у выглядзе кампутарных гульняў. Першыя гарадзкія квэсты ў Менску зьявіліся ў канцы 90-х гадоў. Шмат хто гуляў у гульню «Схватка» ці чуў пра яе — гэта і ёсьць першы гарадзкі квэст. Праўда, «Схватка» мела даволі спартовы характар — трэба было шмат рухацца, пераадольваць вялікія адлегласьці на хуткасьць. Мы ж робім турыстычныя квэсты — гэта не спаборніцтва, а гульня ў горадзе, у межах якой удзельнікі даведваюцца пра беларускую гісторыю, архітэктуру і культуру ў цэлым. Гэта цікава як менчукам, так і турыстам. У адрозьненьне ад «Схваткі», якая гуляецца аднаразова, усе нашы квэсты распрацаваныя як сталыя турыстычныя маршруты, прайсьці якія можна ў любы час.
— Якія патрабаваньні да ўдзельнікаў квэсту? Ці трэба адмыслова рыхтавацца, каб згуляць?
— Наша асноўная мэта — распавесьці рэальную або міталягічную ці літаратурную гісторыю. Але паколькі гэта гульня, то важны элемэнт тут — кемлівасьць гульцоў, якім трэба шукаць месцы, адказваць на пытаньні, вырашаць загадкі, праходзіць розныя выпрабаваньні. Патрэбная лёгіка, уважлівасьць і веды — у залежнасьці ад заданьняў. У сымбіёзе гульні і экскурсіі мы ў цікавай гульнявой форме зьвяртаем увагу людзей на факты, на якія ў звычайным жыцьці яны б не зьвярнулі ўвагі.
— Якія свае квэсты вы лічыце найбольш цікавымі?
У сымбіёзе гульні і экскурсіі мы ў цікавай гульнявой форме зьвяртаем увагу людзей на факты, на якія ў звычайным жыцьці яны б не зьвярнулі ўвагі.
— Першы наш квэст называецца «Дзе ў Менску жыве каханьне». Ён зьвязаны з гарадзкімі легендамі і мітамі. Мы сабралі рамантычныя легенды, і атрымаўся цікавы маршрут — гістарычны цэнтар гораду — ад Замчышча і далей уздоўж Сьвіслачы. Галоўная сюжэтная лінія гэтага квэсту — гэта каханьне паміж асілкам Мянескам і прыгажуняй Сьвіслаччу. Яшчэ адзін цікавы квэст «Карла-Марла» пакуль на стадыі распрацоўкі. У ім удзельнікі даведаюцца пра цікавосткі і сакрэты самай папулярнай пешаходнай вуліцы Менску. Тут ужо больш закранаецца гарадзкая гісторыя савецкага пэрыяду. Удзельнікі гэтага квэсту, у прыватнасьці, даведаюцца, дзе ў Менску быў бульвар гіпі, а таксама — у якім будынку ў Менску працаваў першы банк.
— А ў чым адметнасьць новага маршруту, які пабудаваны па матывах станаўленьня Беларускай Народнай Рэспублікі?
— 10 кастрычніка мы прэзэнтавалі новы квэст «Першы крок да незалежнасьці» — па матывах гісторыі Беларускай Народнай Рэспублікі. Яго адметнасьць у тым, што напісалі яго не сябры каманды «Shukaj.by», а ўдзельнікі нашай школы квэстаў, у межах якой мы вучым ахвотных пашыраць веды пра беларускую гісторыю і культуру, ствараючы гістарычныя квэсты. Аўтары ўключылі ў гульню ўсе месцы, якія зьвязаныя з гісторыяй станаўленьня БНР. Атрымаўся цікавы маршрут, які праходзіцца прыкладна за паўтары гадзіны — бо ўсе падзеі 1918 году адбываліся ў цэнтры гораду. Сюжэт квэсту такі: гулец знаходзіць у шафе бабулі стары ліст ад прадзеда, які быў адным зь міністраў БНР. Зь ліста вынікае, што прадзед схаваў грошы рады БНР на рахунку ў швэйцарскім банку. Зьвесткі пра рахунак зашыфраваныя ў тых месцах Менску, якія трэба знайсьці ўдзельнікам квэсту. Прайшоўшы праз гэтыя месцы і разгадаўшы загадкі, удзельнікі гульні атрымаюць нумар рахунку. У канцы гульні можна паспрабаваць зьвярнуцца ў банк, каб спраўдзіць, ці засталіся там грошы рады БНР.
— Атрымліваецца, што прайсьці маршрут можна ў любы час, не ўзгадняючы нічога з арганізатарамі квэсту?
Удзельнікі квэсту не прывязаныя да арганізатараў, таму згуляць у квэст можна ў любы час.
— Удзельнікі квэсту не прывязаныя да арганізатараў. На сайце ёсьць адмысловая праграма, у якой праз мабільны тэлефон гульцы атрымліваюць інструкцыі, заданьні, падказкі і маршруты. Праз тэлефон дасылаюцца адказы, праграма спраўджвае, ці правільны адказ, і дае наступнае заданьне. Таму згуляць у квэст можна ў любы час.
— Якія квэсты цяпер распрацоўваюцца? Ці плянуеце зрабіць гульню па матывах сучаснай гісторыі? Напрыклад, квэст пра падзеі Плошчы-2010. Напэўна, гэта прывабіла б тых, хто сам быў удзельнікам тых падзеяў.
— У нас ёсьць некалькі ідэяў па Менску. Найперш, гэта будуць «Гісторыі Лошыцкага парку». Да сучаснай гісторыі мы пакуль не зьвярталіся — яны ў любым разе будуць палітычна афарбаваныя, а мы хочам прыцягнуць да квэстаў як мага больш шырокую аўдыторыю. Для гэтага мы супрацоўнічаем з буйнымі турыстычнымі аб’ектамі, як, напрыклад, Нясьвіскі палац. Ёсьць таксама плян зрабіць квэст у Залесьсі, тым больш што адзначаем 250 год Міхалу Клеафасу Агінскаму.