Пры складаньні бюджэту Беларусі на 2016 год урад схіляецца да прагнознага кошту аднаго барэля нафты ў памеры 57 даляраў. Пра гэта журналістам паведаміў міністар фінансаў краіны Ўладзімер Амарын. Ён заявіў, што новы бюджэт будзе з прафіцытам, то бок з агульным прыбыткам у памеры 2% ад валавога ўнутранага прадукту наступнага году.
Уладзімер Амарын таксама сказаў, што ў якасьці альтэрнатывы разглядаліся кошты ў 30 і 45 даляраў. Яшчэ ў сярэдзіне верасьня першы намесьнік міністра эканомікі Беларусі Андрэй Забароўскі заяўляў, што як базавая разглядаецца лічба 45 даляраў. Тады ж спадар Забароўскі назваў кошт нафты «адным з ключавых для ўсіх краін Эўразійскага эканамічнага саюзу парамэтраў».
Якое дакладна напаўненьне бюджэту дае нафтаперапрацоўка Беларусі, сказаць цяжка, бо досыць значная частка «нафтавых» грошай застаецца ў прыватных руках расейскіх і беларускіх бізнэсоўцаў, — кажа кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка. — Таму, мабыць, лепей апэраваць наступнай лічбай: 40% усёй валютнай выручкі Беларусі складаюць грошы ад збыту нафтапрадуктаў. Плюс яшчэ падаткі ад продажу нафтапрадуктаў унутры Беларусі. Так што гэта сапраўды вельмі вялікія грошы:
«А мне хацелася б запытаць спадара Амарына: дзе знаходзяцца ягоныя нафтавыя вышкі? Сваёй нафты ў нас няма. Значыць, цалкам залежым ад нафты расейскай. І ў выніку будзе нам не жыцьцё, а дажываньне.
Мы не гандлявалі асабліва нафтапрадуктамі пры Кебічу. Так было і ў сярэдзіне 90-х. А вось калі зьявілася ў Беларусі, як я кажу, кааліцыя аматараў вялікіх грошай, то яна знайшла ў Расеі сваіх партнэраў — такіх жа аматараў вялікіх грошай. І тады празь Беларусь пачалі прапампоўваць нафту, рабіць зь яе нафтапрадукты і гнаць у розныя афшоры ды Галяндыі.
Адлічэньні ў бюджэт ідуць пераважна ад падатку на дабаўленую вартасьць і акцызаў ад продажу бэнзіну, які спажываецца ўнутры нашай краіны. Таму беларусы насамрэч павінны запытацца: скажыце, дзядзькі з улады, чаму ў Расеі бэнзін каштуе 50–55 цэнтаў, а ў Беларусі — каля 80? Гэта што, цяжка было дамовіцца ў рамках Мытнага саюзу? І чаму толькі ў 2025 годзе зьбіраюцца сынхранізаваць рынак нафтапрадуктаў?»
Вядома, ад бюджэтных лічбаў адштурхоўваюцца самыя розныя разьлікі, — адзначае эканаміст, намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Леў Марголін:
«Але асабліва вялікага значэньня разьліковыя лічбы ня маюць. Бо мы ўжо прызвычаіліся да таго, што гэтыя лічбы пару разоў на год карэктуюцца.
Гэта робіцца таму, што, калі грошай у бюджэце не хапае, скарыстоўваюць правераныя „лекі“ — павялічваюць тэмпы інфляцыі. І прыбытак бюджэту адразу павялічваецца. Бо ўвесь экспарт, незалежна ад ягоных фізычных аб’ёмаў, у беларускіх рублях адразу даражэе.
Таму галоўная небясьпека для звычайнага чалавека — інфляцыя. Зьнешне ўсё — і заробкі настаўніка, і заробкі лекара, і іншых бюджэтнікаў — будзе выканана. То бок падвышацца заробкі ня будуць, а цэны будуць расьці. Гэтаксама будзе і з пэнсіямі. Бо ў Беларусі памер пэнсіі залежыць ад сярэдняга заробку па краіне. А калі заробкі не растуць, то і пэнсіі індэксавацца ня будуць. То бок і для пэнсіянэра наступствы бюджэтнага аптымізму ўраду тыя ж самыя — пэнсіі не растуць. А кошты ў крамах вышэйшыя».
На ўсясьветных таргах у панядзелак, 19 кастрычніка, цэны на нафту зьніжаюцца на фоне статыстычных дадзеных з Кітаю, якія сьведчаць пра запаволеньне росту аднаго з найбуйнейшых спажыўцоў нафты, перадае Reuters. Так, з пачатку таргоў ф’ючэрсы на Brent патаньнелі на 27 цэнтаў — да 50,19 даляра за барэль, а ф’ючэрсы на WTI — на 36 цэнтаў, да 46,90 даляра.
«Пры слабым роўні прамысловай вытворчасьці ў Кітаі магчымае зьніжэньне вытворчага індэксу дзелавой актыўнасьці (manufacturing PMI), што пацягне за сабой падзеньне коштаў на нафту на гэтым тыдні», — гаворыцца ў справаздачы брокерскай фірмы Phillip Futures.
У бюджэт Беларусі 2015 году заклалі лічбу 83 даляры за барэль. Аднак ужо напрыканцы першага паўгодзьдзя ўсясьветныя цэны на нафту апусьціліся значна ніжэй за гэтую адзнаку.