Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літанкета Свабоды: Аляксандар Тамковіч


Аляксандар Тамковіч
Аляксандар Тамковіч

Аляксандар Тамковіч нарадзіўся 9 лістапада 1963 году ў горадзе Ашмяны. У 1982-1983 служыў у марской інжынэрнай службе Паўночнага флёту СССР. У 1983 годзе паступіў на факультэт журналістыкі Львоўскага вышэйшага вайскова-палітычнага вучылішча, якое скончыў з дыплёмам з адзнакай у 1987 годзе. У 1987 годзе адразу пасля сканчэньня вучылішча быў накіраваны на пасаду карэспандэнта газеты Беларускай вайсковай акругі «Во славу Родины». Пасля путчу 1991 году ў знак пратэсту зволніўся з вайсковай службы, выйшаў з КПСС і стаў намеснікам галоўнага рэдактара газеты «Свободные новости». У 2001 стварыў і ўзначаліў газету «День», якая была ліквідаваная беларускімі ўладамі ў 2004 годзе. У 2006 годзе за нарыс у газэце «Новы час» на Александра Тамковіча падаў у суд генэрал-сэнатар-пісьменьнік Мікалай Чаргінец. У пазове Чаргінец дамагаўся выплаты 100 мільёнаў рублёў. Нягледзячы на нэгатыўную рэакцыю грамадзкасьці і міжнароднай супольнасьці (адмысловы ліст з гэтай нагоды даслаў Камісар Эўразвязу па знешняй палітыцы і абароне Хавіер Саляна), беларускі суд прызнаў журналіста вінаватым. У 2002 цяжка захварэў і атрымаў другую групу інваліднасці. Сярод іншага, выдаў кнігі: «Судьбы» (2006), "Женщины«(2007), «Асобы» (2008), «Будзіцелі» (2009), «Інтэрвію, якіх не было» (2009), «Арытмія, альбо Код супраціву» (2012), «Преодоление» (2012), «Жыцьцё пасьля кратаў» (2013), «Няскораны Марыніч. Гісторыя ў фота» (2015). Чатыры кнігі перакладзеныя на ангельскую мову. Узнагароджаны рознымі прэміямі, у тым ліку дыплёмам імя Ю. Захаренко «З паднятым забралам» і прэміяй імя Алеся Адамовіча Беларускага ПЭН-цэнтру. Сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў, Беларускага ПЭН-цэнтру, Саюзу беларускіх пісьменьнікаў.


1. Для каго вы пішаце? (Хто ваш ідэальны чытач?)

Для тых, хто ня толькі ўмее чытаць, але і думаць над тым, што ён прычытаў. Для тых, хто шукае праўду, а ня верыць савецкім і постсавецкім (лукашэнкаўскім) хлусьлівым мітам.

2. Дзе вам найлепш пішацца, і калі?

Лепш за ўсё пішацца дома, з 5.00 да 14.00.

3. Аўтарам якой ужо напісанай кнігі вы хацелі б быць?

Іх так шмат, што этыка не дазваляе называць канкрэтныя прозьвішчы. Да таго ж я не люблю плягіят.

4. Які літаратурны герой найбольш падобны да вас?

Перачытаў, што на гэты конт напісалі іншыя. Каб усё спраўдзілася, сьвет складаўся б (за рэдкімі выключэньнямі) толькі зь «белых і пухнатых»...

5. Хто ваш улюбёны пісьменьнік?

Іх таксама шмат. Этыка дазваляе назваць Міхаіла Булгакава.

6. Што вы цяпер чытаеце?

Вельмі карысную рэч! Герман Уладзіміравіч Сьмірноў — «Дасье эрудыта».

7. На якіх замежных мовах (расейская ня лічыцца) вы можаце чытаць?

Спрабаваць чытаць можна на многіх мовах, а вось разумець прачытанае... Я з таго пакаленьня, якое вучылі замежнай мове так, каб мы збольшага яе ня ведалі...

8. Якая ваша найбольш улюбёная кніга з напісаных вамі?

Я працую ў жанры non-fiction. Адзін з герояў адказваў на пытаньні зубамі, то бок алоўкам, які яны трымалі і якім ён націскаў патрэбныя літары кампутарнай клявіятуры, бо рукі і ногі не працуюць, таму кніга «Пераадольваньне», канечне ж.

9. Якую кнігу вам яшчэ хочацца напісаць?

Калі БОГ дасьць, неўзабаве выйдзе кніга пра фонд «Дзецям Чарнобыля», пра тое, як людзі 30 год дапамагаюць сабе і іншым. Спадзяюся, гэта будзе добры помнік СЬВЕТЛАМУ чалавеку Генадзю Грушавому, разам зь якім шмат год таму мы і задумалі яе напісаць.

10. Калі вы адчуваеце сябе найбольш свабодным?

Калі ніхто не камандуе як і што пісаць...

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG