Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Казахстане пачаўся саміт кіраўнікоў СНД — Назарбаеў пачаў з віншаваньня Лукашэнку


Падчас саміту кіраўнікоў СНД у Казахстане 29 траўня 2015 году, архіўнае фота
Падчас саміту кіраўнікоў СНД у Казахстане 29 траўня 2015 году, архіўнае фота

На курорце Баравое ля Астаны праходзіць пасяджэньне Cавета кіраўнікоў дзяржаў СНД, у якім бярэ ўдел Аляксандар Лукашэнка.

Прэзыдэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў, які старшынюе на пасяджэньні, павіншаваў Лукашэнку зь «пераканаўчай перамогай на прэзыдэнцкіх выбарах». Таксама ён адзначыў, што Беларусь пад кіраўніцтвам Лукашэнкі будзе і далей садзейнічаць умацаваньню інтэграцыйных працэсаў.

У пасяджэньні бяруць удзел кіраўнікі Азэрбайджана, Армэніі, Беларусі, Кіргізстану, Расеі, Таджыкістана, Узбэкістана. Украіну на саміце СНД прадстаўляе часовы павераны ў справах гэтай краіны ў Казахстане Юры Лазебнік. Яшчэ дзьве краіны не прадстаўленыя на сустрэчы сваімі лідэрамі. Гэта Малдова, якую прадстаўляе намесьнік міністра замежных спраў Андрэй Галбур, і Туркмэністан — ад яго на саміт прыехаў намесьнік старшыні ўраду гэтай краіны.

Паводле Назарбаева, у парадку дня саміта 17 пытаньняў, бальшыня якіх прысьвечаная бясьпецы і правапарадку. Таксама сёньня пройдзе пасяджэньне вышэйшай эўразійскай эканамічнай рады, у якім возьмуць удзел кіраўнікі Казахстану, Армэніі, Беларусі, Кіргізстана і Расеі.

Чакаецца, што падчас саміту адбудзецца сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з Уладзімерам Пуціным. Раней прэс-сакратар расейскага прэзыдэнта Дзьмітры Пяскоў паведаміў, што «на палях самітаў у іх будзе цудоўная магчымасьць абмеркаваць пытаньні адносна разьмяшчэньня ў Беларусі расейскай вайсковай базы».

19 верасьня Ўладзімер Пуцін распарадзіўся падпісаць пагадненьне аб расейскай авіяцыйнай базе на тэрыторыі Беларусі.

Аляксандар Лукашэнка 6 кастрычніка заявіў, што размовы пра разьмяшчэньне расейскай авіябазы на тэрыторыі Беларусі ніколі не вялося.

«Нам не патрэбная база сёньня. Тым больш ваенна-паветраныя сілы. Нам патрэбныя пэўныя ўзбраеньні. Аб чым я публічна таксама казаў Пуціну і раней — Мядзьведзеву», — адзначыў Лукашэнка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG