Пра гэта на брыфінгу ў Брусэлі 13 кастрычніка заявіла Мая Кацыянчыч, прэсавы скаратар вярхоўнага прадстаўніка Эўразьвязу па зьнешняй палітыцы і палітыцы бясьпекі Фэдэрыкі Магерыні.
«Учора Беларусі не было на парадку дня рады па зьнешняй палітыцы. Вядома ж, пра яе згадалі ва ўступным слове, у сьвятле падзеяў на выходныя. Але яе не было на парадку дня і ўчора не было прынята афіцыйнага рашэньня».
Паводле Кацыянчыч, Эўразьвяз вырашыць будучыню санкцыяў, датычных Беларусі, у канцы кастрычніка. «Да таго часу цяперашнія захады застаюцца ў сіле, і тады нам трэба будзе прыняць рашэньне. Як заўсёды, Рада мусіць зрабіць гэта аднагалосна. Калі мы будзе прымаць адпаведныя рашэньні, мы, вядома ж, возьмем пад увагу ўсе апошнія падзеі, у тым ліку вызваленьне палітвязьняў у жніўні, а таксама агульнае разьвіцьцё ў адносінах паміж Эўрапейскім зьвязам і Беларусьсю, дзе за апошнія месяцы мы пабачылі шэраг пазытыўных ініцыятываў. Вядома ж правядзеньне прэзыдэнцкіх выбараў, якія прайшлі на гэтыя выходныя, і тое, што будзе за імі, таксама важна ў гэтым кантэксьце».
Пра тое, што Рада Эўразьвязу прыпыніць на 4 месяцы санкцыі ў дачыненьні да ўладаў Беларусі, 12 кастрычніка паведаміў журналістам у Люксэмбургу дзяржсакратар па эўрапейскіх справах пры МЗС Францыі Арлем Дэзір.