Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бабруйск. Стыхійны мітынг у дзень выбараў


Бабруйск: стыхійны мітынг у дзень выбараў
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:03:38 0:00

У Бабруйску жыхары дому № 18 на вуліцы Гагарына ў дзень выбараў выйшлі на стыхійны мітынг з-за слабога ацяпленьня.

У Бабруйску жыхары дому № 18 на вуліцы Гагарына ў дзень выбараў выйшлі на стыхійны мітынг з-за слабога ацяпленьня.

Ацяпленьне было падключана некалькі дзён таму, але працуе зь перабоямі, і ў ноч перад выбарамі жыхары, як яны кажуць, замярзалі. Таму выйшлі на вуліцу й сталі патрабаваць сустрэчы з адказнымі асобамі. Дом стаіць на балянсе бабруйскага заводу буйнапанэльнага домабудаўніцтва. Да жыхароў прыехаў сам дырэктар заводу Іван Грыняк з інжынэрамі, а таксама першы намесьнік старшыні выканкаму Першамайскага раёну Сяргей Лоцкі.

Адмыслоўцы заводу прызнаюць, што трубы ацяпленьня патрабуюць замены, але завод у цяжкім стане, дамы плянуецца перадаць на балянс камунальнікам. Але ацяпленьне запушчанае, спадар Грыняк нават паказаў цёплую батарэю ў пад’езьдзе.

— Некалькі дзён яшчэ трэба на поўную наладку, — кажа Іван Грыняк. — Але ў некаторых жыхароў бальконы адчыненыя, і яны грэюць вуліцу. Крыўдна, што стараесься, а тут пад гучны момант «нацягваюць» сытуацыю, быццам ня ўключаны дом. На некаторых стаяках толькі могуць быць праблемы.

Надуманай праблему лічыць і прадстаўнік райвыканкаму Сяргей Лоцкі.

— 7-га дня пачалі падлучаць ацяпленьне. Некаторыя стаякі не працуюць, і ўсё. Адразу ўсё не запускаецца. А ў цэлым дом працуе.

Жыхары ж кажуць, што нават незашклёныя бальконы раней не былі праблемай, калі ацяпленьне працавала напоўніцу. Скардзяцца яны да таго ж на слабы рамонт, смурод ад каналізацыі ў пад’ездах, разьбітыя дарожкі й дзіцячую пляцоўку, на блох, пацукоў ды віна-гарэлачную краму проста ў двары.

Дзень выбараў для пратэсту, як заяўляюць жыхары, адмыслова не падбіраўся. Некаторыя схадзілі прагаласавалі, а потым прыйшлі на сход, некаторыя галасаваць не хадзілі.

— Я проста замярзаю, — кажа адна жыхарка, — а выбары мне да лямпачкі! Я на іх і не пайду. Дай бог, каб каго добрага выбралі, а каго — мяне не хвалюе.

— Кожныя пяць год выбары, мо яшчэ й перавыбары будуць, і што? — кажа іншая жыхарка. — Лукашэнка ня справіўся, будзе іншы, таксама мо ня справіцца. Бо мафія вакол.

— Але маўчаць мы ня будзем, — запэўніваюць жыхары. — Вось мы патрэсьлі крыху, калі зараз ня зробяць — будзем вышэй зьвяртацца, а маўчаць ужо ня будзем.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG