Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галасаваньне на тле буфэтаў, канцэртаў і кірмашоў


Галасаваньне 11 кастрычніка ў многіх месцах суправаджалася выступамі калектываў мастацкай самадзейнасьці, выбарчыя ўчасткі абслугоўвалі прадпрыемствы грамадзкага харчаваньня. Шмат дзе выбарцаў заваблівалі выязным гандлем прамысловымі таварамі і сельгаспрадукцыяй.

У школе № 130 Ленінскага раёну на вуліцы Янкі Лучыны ў Менску — некалькі выбарчых участкаў. Ад раньня ў школьным двары разьмясьціліся гандляры: прадстаўнікі дзяржаўных крамаў разьвесілі і расклалі на прылаўках шкарпэткі, шапкі і сарочкі, прадпрымальнікі пашыхтавалі скрыні яблыкаў, журавінаў, морквы і бульбы. Малады гандляр кажа: сельгаспрадукцыя з уласнага падворку, а прывезьлі аж з Ганцавічаў:

Юнак: «Я тут з бацькамі гандлюю, мы прадпрымальнікі».

Карэспандэнтка: «Ну вы ж ня самі сюды прыехалі?»

Юнак: «Адміністрацыя Ленінскага раёну накіравала. Вось спадзяёмся нешта прадаць».

Гандляры разьмясьціліся побач з уваходам, а некалькі дзяўчат з пазнакамі назіральнікаў — на вялікай адлегласьці. Назваліся прадстаўнікамі ў справе «экзыт-полу», нешта пракамэнтаваць адмаўляюцца, спаслаўшыся на забарону. Да выбарцаў з пытаньнямі яны таксама не зьвяртаюцца.

Дзяўчаты-назіральнікі
Дзяўчаты-назіральнікі

А людзі спыняюцца каля гандляроў, каб што набыць, і даволі ахвотна размаўляюць з карэспандэнтам Свабоды:

Спадарыня зь дзіцячым вазком: «Схадзілі прагаласаваць, усёй сям’ёй, з пашпартамі — усё як належыць. А вось зараз прыйшлі журавінаў купіць».

Карэспандэнтка: «Калі не сакрэт, за каго?»

Спадарыня зь дзіцячым вазком: «Не, не сакрэт — за дзейнага прэзыдэнта. Бо мы за стабільнасьць, хочам, каб і далей так было».

Карэспандэнтка: «Вы больш на кірмаш прыйшлі ці на выбары ўсё ж?»

Маладая спадарыня з малым сынам: «На выбары. Я ўжо схадзіла, прагаласавала, вось сыну паказала, як гэта адбываецца. Мы яшчэ на канцэрт зьбіраемся прыйсьці, бо тут канцэрт будзе ў 12.00».

Хлопчык: «Я галасую за Лукашэнку, бо ён заробкі добрыя плаціць».

Карэспандэнтка: «Твая мама задаволеная сваім заробкам?»

Хлопчык: «Так, задаволеная, але яна ўжо беспрацоўная».

Маладая спадарыня з малым сынам: «Так, я цяпер часова не працую, але ў пошуках, спадзяюся нешта знайсьці».

У памяшканьні школы — самі выбарчыя ўчасткі: чальцы камісіяў за сталамі, кабіны і скрыні для галасаваньня, а побач — такія ж гандлёвыя рады: прадаюць прамысловыя, харчовыя, канцылярскія тавары. Старшыня выбарчай камісіі Тацьцяна Вашкевіч сустракае напружана, пільна праглядае дакумэнты, але працаваць не перашкаджае і нават адказвае на пытаньні:

Карэспандэнтка: «Як праходзіць асноўны дзень выбараў і папярэдняе галасаваньне? Ці былі заўвагі з боку назіральнікаў ці выбарцаў?»

Вашкевіч: «Ніякіх заўвагаў з боку назіральнікаў, у тым ліку міжнародных, няма. Прынамсі, на гэты момант ніякіх заўвагаў не паступала. А падчас папярэдняга галасаваньня ў нас прагаласавала больш за 700 чалавек — гэта 20% выбарцаў».

Сталы з надпісамі «Назіральнікі» ўсталяваныя ў процілеглым ад месца галасаваньня кутку школьнага холу. Некалькі чалавек размаўляюць паміж сабой. Цікаўлюся, каго прадстаўляюць назіральнікі і ці маюць заўвагі да ходу галасаваньня:

Юначка: «Я назіральніца ад БРСМ, тут са мной побач таксама прадстаўніцы „Белай Русі“, „Саюзу жанчын“ і „Спартовай партыі“. Галасаваньне праходзіць добра, у нас ніякіх заўвагаў няма».

Карэспандэнтка: «Ці бачна вам з вашага месца, ці паказваюць выбарцы камісіі свае пашпарты? Колькі іх прыходзіць?»

Іншая юначка: «Так, мы бачым, што наведвальнасьць добрая, што ўсім падказваюць, куды ісьці, усё прыгожа — мы вельмі задаволеныя і ніводнага пытаньня ў нас няма».

Вельмі многія выбарцы ішлі на выбарчыя ўчасткі сем’ямі: зь дзецьмі і нават унукамі. Стаўленьне да выбараў у іх было пры гэтым рознае:

Спадар з малым дзіцем: «Што магу сказаць пра выбары? Лічбы датэрміновага галасаваньня ўражваюць, бянтэжаць».

Спадарыня з дачкой: «Мы прагаласавалі ў спадзяваньні, што штосьці зьменіцца ў нашай праблеме: у мяне хворая дачка, я мушу яе даглядаць, бо інваліднасьці яна ня мае. А тут закон пра дармаедзтва, а мне ж ніхто ня толькі ня плаціць — я яшчэ сама мушу падатак плаціць. Для нас гэта галаўны боль».

Спадар: «Арганізаваныя выбары добра, што тут сказаць? Лукашэнку ўвесь час па тэлевізары паказваюць»

Карэспандэнтка: «Вам гэта падабаецца?»

Спадар: «Мне — абсалютна не. Трэба, каб улада мянялася. Бо гэтак ня можа быць, каб гэтулькі часу было адно і тое ж. Гэта як Ленін і Сталін — паказчык таго, што ўлада павінна мяняцца».

Карэспандэнтка: «Вы сваім голасам ці спрабавалі зьмяніць уладу?»

Спадар: «Так, я канкрэтна прагаласаваў супраць усіх, бо ня бачу канкурэнтаў і не хачу, каб Колька езьдзіў па выбарчых участках і ў ААН».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG