Нобэлеўская ляўрэатка ў галіне літаратуры Сьвятлана Алексіевіч дала прэсавую канфэрэнцыю ў Бэрліне. Значная частка пытаньняў ад нямецкіх журналістаў тычылася палітычнай сытуацыі ў Беларусі. Прапануем вашай увазе некаторыя цытаты з адказаў пісьменьніцы.
Пра цяперашнія прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі:
«Мы ўсе маем падазрэньне, што для Лукашэнкі няважна, як мы галасуем. Як казаў Сталін, ня важна, як галасуюць, а важна, хто падлічвае. Тут нібыта той выпадак. Так што ніхто з нас не чакае ніякіх сюрпрызаў, і ўсе маюць адчуваньне: тое, што ў Расеі і Беларусі — усё гэта надоўга».
Пра беларускую апазыцыю:
«Тыя людзі, якія цяпер называюцца апазыцыянэрамі, не разумеюць той адказнасьці, якая ляжыць на іх. Яны больш занятыя сваім самалюбствам».
Пра адносіны Лукашэнкі да вайсковай авіябазы, якую Расея хоча разьмясьціць у Беларусі:
«Я ня думаю, што ён сапраўды супраць базы. Я думаю, што ён таргуецца — ён спадзяецца, што Расея дасьць яму грошай. Гэта ягоная вядомая гульня. Калі кепска з Расеяй, ён паварочваецца ў бок Эўропы. За гэты час у Эўропе памянялася кіраўніцтва — кожныя чатыры гады прыходзяць новыя людзі, і яны думаюць, што перагуляюць Лукашэнку. Яны спрабуюць гэта зрабіць, ня ведаючы, што гэта ненадзейны чалавек, і калі Расея дасьць яму грошай, ён адразу ж адвернецца ад Захаду. Мы гэта бачылі — разоў пяць гэта было на нашых вачах».
Пра імавернасьць збліжэньня Лукашэнкі з Эўразьвязам:
«Па-першае, ніхто гэтага Лукашэнку не адпусьціць. Ня трэба нават ніякіх „зялёных чалавечкаў“, ніякіх салдат. Проста яму не дадуць газ ці нафту, і ўсё — мы будзем зіму жыць як на лёдзе».