Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маскоўскае выдавецтва «Время» плянуе дадатковы наклад кніг Сьвятланы Алексіевіч


Пра гэта паведаміў дырэктар выдавецтва Барыс Пастарнак, як да 1989 году жыў і працаваў у Менску.

Выдавецтва «Время» выпусьціла кнігі Алексіевіч «Цынкавыя хлопчыкі» (2007), «Чарнобыльская малітва» (2008), «У вайны не жаночы твар» (2008), «Апошнія сьведкі» (2008), «Час сэканд-хэнд» (2013).

Пастарнак павіншаваў жыхароў Беларусі з прысуджэньнем Нобэлеўскай прэміі Сьвятлане Алексіевіч. «Тое, што ў Беларусі ніхто, акрамя „Логвінава“, не выдае кнігі Сьвятланы Алексіевіч, — памылка беларускіх кнігавыдаўцоў, якой мы карыстаемся. Адзначу, эканамічна выдаваць Алексіевіч выгадна. Наогул жа я лічу, што на тое, што надзённае і важнае, павінна хапаць часу і грошай. Нельга скочвацца да прымітыўных кніжак за тры рублі і гаварыць, што людзі добрыя кнігі не купляюць. Мы бачым, што дарагія і якасныя кнігі карыстаюцца попытам», — сказаў выдавец.

Асноўны аптовы партнэр «Времени» ўжо зьвярнуўся ў выдавецтва з просьбай надрукаваць дадатковы наклад кніг Алексіевіч. Ужо ў кастрычніку «Время» выпусьціць усе пяць кніг Алексіевіч накладам 10 тыс. асобнікаў кожная.

«Мы чакалі, што яна атрымае прэмію, не баяліся выпускаць кнігі Сьвятланы Алексіевіч і раней. Цяпер я тым больш упэўнены, што попыт на новыя наклады будзе расьці», —— заявіў Пастарнак.

У выдавецтве «Логвінаў» —— адзіным беларускім, дзе выдаваліся кнігі Алексіевіч у апошнія гады (на беларускай мове «Час сэканд-хэнд»), —— гатовыя да таго, што попыт на аўтара павялічыцца. Дырэктар літаратурнага дому «Логвінаў» Ігар Логвінаў адзначыў, што ў аднайменнай кнігарні кніга «Час сэканд-хэнд» у продажы ёсьць. Выдавецтва будзе імкнуцца задаволіць попыт на кнігу і для іншых кнігарняў.

«Калі кніга будзе перавыдавацца, то на беларускай мове», —— сказаў Логвінаў.

Пра гэта піша агенцтва БелаПАН.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG