Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Караткевіч пра байкатоўшчыкаў: «Яны таксама стаміліся, як і прэзыдэнт»


Тацяна Караткевіч перад журналістамі ў Берасьці
Тацяна Караткевіч перад журналістамі ў Берасьці

У Берасьці на сустрэчу з кандыдаткай у прэзыдэнты Тацянай Караткевіч прыйшло каля 300 чалавек.

Сустрэча адбылася ў залі ДК прафсаюзаў. Напрацягу двухгадзіннай размовы берасьцейцы пыталіся ня толькі пра палітычныя ды эканамічныя тэзы праграмы Тацяны Караткевіч.

Прадстаўнік «Белай Русі» запытаўся ў кандыдаткі, як яна будзе змагацца з насаджэньнем «карты паляка». Караткевіч адказала, што змагацца з гэтым ня трэба, а трэба «стварыць у краіне такія ўмовы, каб беларусы не імкнуліся яе атрымліваць».

Прадстаўнік “Белай Русі” спытаўся як Караткевіч будзе змагацца з “картай паляка”
Прадстаўнік “Белай Русі” спытаўся як Караткевіч будзе змагацца з “картай паляка”

Спадарыня пэнсійнага ўзросту зьвярнулася да Караткевіч з пытаньнем, ці не легалізуе яна гей-шлюбы і гей-парады:

«Прадстаўнікі прэсы пыталіся ў вас, і вы адказалі, што вы ня бачыце нічога страшнага ў тым, што сэксуальныя меншасьці будуць распаўсюджваць свае ідэі, у тым ліку і шляхам гей-парадаў і іншых мерапрыемстваў. Я правільна разумею, гэта ваш ход у перадвыбарчай кампаніі? Або вы сапраўды лічыце, што нам для поўнага шчасьця яшчэ не хапае гей-парадаў?» — запыталася спадарыня.

Тацяна Караткевіч падчас выступу ў Берасьці
Тацяна Караткевіч падчас выступу ў Берасьці

«Я ведаю, што многіх людзей гэта хвалюе. Я ведаю, што ўсё гэта — вынік дзяржаўнай прапаганды, якая прымушае нас пра гэта думаць, турбавацца, замест таго, каб думаць, што ў эканоміцы трэба рабіць. Яны больш кажуць пра тое, што ў Эўропе і як там праходзяць гэтыя гей-парады. Ня трэба лезьці да людзей у ложак, гэта іх асабістая справа, як і з кім ён падтрымлівае адносіны. Не прэзыдэнцкая гэта справа — вызначаць, хто ёсьць які і сартаваць людзей на такіх ці іншых. Грамадзтва павінна быць да гэтага гатовае. У нас грамадзтва не гатовае. Нам зараз трэба думаць, як тут стварыць умовы для сям’і, каб яна магла нармальна разьвівацца», — адказала Тацяна Караткевіч.

Заля Палацу прафсаюзаў Берасьця ў часе сустрэчы з Караткевіч
Заля Палацу прафсаюзаў Берасьця ў часе сустрэчы з Караткевіч

Працаўнік чыгункі адпрасіўся з працы, каб задаць пытаньне Караткевіч
Працаўнік чыгункі адпрасіўся з працы, каб задаць пытаньне Караткевіч

Пыталіся берасьцейцы і пра зьнешнюю палітыку, стаўленьне да анэксіі Крыму, узаемаадносіны зь іншымі краінамі. Пэнсіянэр спытаўся, ці ёсьць у Беларусі дэмакратыя:

«У нас такія ярлыкі за мяжой — краіна з апошнім дыктатарам, аўтарытарная краіна, краіна з камандна-адміністрацыйным стылем кіраваньня... Але калі зьвярнуцца да прафэсіяналаў, то яны ацэньваюць гэта як зьмешаны рэжым. Сёньняшняя ўлада паказвае ўсе прыкметы дыктатуры, а таксама актыўна імітуе дэмакратыю», — адказала Тацяна Караткевіч.

Калярытныя пэнсіянэры на сустрэчы з кандыдаткай
Калярытныя пэнсіянэры на сустрэчы з кандыдаткай

Выказалася кандыдатка на прэзыдэнта і пра падзел у Беларусі арганізацыяў на два лягеры — праўладныя і незалежныя:

«Улада любіць дзяліць людзей — адны левыя, іншыя правыя, адны беларускамоўныя, іншыя — не... І так у нас ва ўсім — два Саюзы пісьменьнікаў, два сьветы прэсы — дзяржаўная і незалежная. Нам даўно час аб’яднацца і весьці дыялёг».

Моладзь прыйшла з кветкамі
Моладзь прыйшла з кветкамі

Выказалася Тацяна Караткевіч і на адрас апазыцыйных сілаў зь лягеру байкатоўшчыкаў:

«Наконт калегаў, якія мяне не падтрымліваюць. Я хачу сказаць, што я самы аб’яднаны кандыдат Беларусі, які толькі можа быць. У маёй камандзе ёсьць прадстаўнікі Беларускага народнага фронту, мае аднапартыйцы, прадстаўнікі іншых партыяў, якія самастойна прынялі рашэньне і падтрымліваюць мяне. Гэта ні для каго не сакрэт. Сёньня ёсьць некалькі апазыцыйных лідэраў, якія выказваюцца супраць. Але мне падаецца, што яны таксама стаміліся, як і прэзыдэнт», — сказала Тацяна Караткевіч.

Напрыканцы сустрэчы
Напрыканцы сустрэчы

У часе сустрэчы з Тацянай Караткевіч задаваліся і пытаньні з выразнай падтрымкай Лукашэнкі, кшталту «Чаму вы кажаце, што ў нас усё дрэнна, паглядзіце, як расквітнела Берасьце за часамі Аляксандра Лукашэнкі». Такіх выступоўцаў заля асьвіствала.

Тацяна Караткевіч ля мікрафону. Зьлева на сцэне – сурдаперакладчыца
Тацяна Караткевіч ля мікрафону. Зьлева на сцэне – сурдаперакладчыца

У часе прамовы Тацяны Караткевіч на сцэне знаходзілася і сурдаперакладчыца.

Пасьля сустрэчы жадаючыя змаглі зрабіць сэлфі з кандыдаткай на прэзыдэнта.

Фатаграфаньне з кандыдаткай на прэзыдэнта
Фатаграфаньне з кандыдаткай на прэзыдэнта

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG