Расейскія афіцыйныя асобы запатрабавалі, каб амэрыканскія вайсковыя самалёты неадкладна пакінулі паветраную прастору Сырыі.
Спасылаючыся на высокапастаўленага амэрыканскага чыноўніка, тэлеканал Fox News паведаміў, што расейскія дыпляматы накіравалі афіцыйную ноту, у якой патрабуюць неадкладнага вываду амэрыканскіх самалётаў з Сырыі. У ноце дадаецца, што расейскія зьнішчальнікі цяпер лётаюць над сырыйскай тэрыторыяй.
Гэтая інфармацыя пакуль не пацьвярджаецца афіцыйнымі крыніцамі ў Маскве і Вашынгтоне.
Тэлеканал Fox News таксама цытуе заяву высокапастаўленага прадстаўніка Пэнтагона аб тым, што ЗША пакуль не зьбіраюцца мяняць пляны сваіх ВПС па апэрацыях у Сырыі.
«Нічога не паказвае, што мы мяняем апэрацыю над Сірыяй», — сказаў гэты прадстаўнік.
Заходняя кааліцыя, якую ўзначальвае ЗША, на працягу апошніх месяцаў наносіла авіяўдары па аб’ектах тэрарыстычных груповак у Сырыі, не ўзгадняючы сваіх дзеяньняў з рэжымам Башара Асада. На думку расейскіх уладаў, дзеяньні заходняй кааліцыі ў Сырыі парушаюць нормы міжнароднага права.
Патрабаваньне вывесьці амэрыканскія самалёты з паветранай прасторы Сырыі (калі гэтыя зьвесткі пацьвердзяцца) супала па часе з рашэньнем Рады Фэдэрацыі РФ падтрымаць зварот прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна пра выкарыстаньне расейскіх узброеных сілаў у Сырыі. Масква заяўляе, што на цяперашнім этапе гаворка ідзе выключна пра ўжываньне ваенна-паветраных сілаў РФ у Сырыі, па просьбе прэзыдэнта Асада.
Тлумачэньні Расеі
«Гаворка ідзе не пра дасягненьне якіх-небудзь зьнешнепалітычных мэтаў, задавальненьне якіх-небудзь амбіцый, у чым нас рэгулярна абвінавачваюць нашы заходнія партнэры; гаворка ідзе выключна аб нацыянальных інтарэсах Расейскай Фэдэрацыі — сказаў кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта Расеі Сяргей Іваноў.
«Вайсковай мэтай апэрацыі зьяўляецца выключна паветраная падтрымка сырыйскіх узброеных сілаў у іх барацьбе супраць Ісламскай дзяржавы» — дадаў ён.
Паводле Іванова, колькасьць грамадзян Расіі і СНД, якія прымыкаюць да Ісламскай дзяржавы, «расьце не па дня, а па гадзінах».
«Гаворка ўжо ідзе не пра дзясяткі, не пра сотні, а пра тысячы такіх людзей, частка зь якіх ужо вярнулася на тэрыторыю РФ, і лёгка выказаць здагадку, ня трэба тут быць празорцам, што яны і далей будуць вяртацца на нашу тэрыторыю» — адзначыў ён, дадаючы, што таму лягічней было б «дзейнічаць на апярэджаньне на далёкіх рубяжах», чым сутыкацца з гэтай праблемай у будучыні ўнутры Расеі.