Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менскі электрык абураны, што сайт «Хартыі’97» запісаў яго ў «ціхары»

абноўлена

Мікіта Наглін і Тамара Балакіна
Мікіта Наглін і Тамара Балакіна

Рэдактарка сайта «Хартыя’97» Натальля Радзіна настойвае, што выкрыла схаваных супрацоўнікаў КДБ, і сьцьвярджае, што яны ёй пагражаюць.

Абвінавачаныя ў супрацоўніцтве са спэцслужбамі ўдзельнікі мітынгу 23 верасьня на плошчы Свабоды абураныя інфармацыяй, якая зьявілася ў беларускім інтэрнэце, і называюць яе паклёпам. Між тым галоўны рэдактар сайта «Хартыя’97» Натальля Радзіна настойвае, што гэта менавіта супрацоўнікі спэцслужбаў.

Мікіту Нагліна і яго сяброўку Тамару Балакіну ў інтэрнэце абвінавацілі ў тым, што яны так званыя «ціхары» — супрацоўнікі спэцслужбаў, якія працуюць на акцыях апазыцыі ў цывільным.

Інфармацыя зьявілася на charter97.org са спасылкай на суполку ў Фэйсбуку «Тэрыторыя правоў». Выданьне зьмясьціла фатаздымкі Мікіты і Тамары зь мітынгу Мікалая Статкевіча на плошчы Свабоды 23 верасьня і на пікеце Аб’яднанай грамадзянскай партыі 16 верасьня. Пад артыкулам зьявілася шмат абразьлівых камэнтароў.

Далей «Хартыя» яшчэ некалькі разоў у сваіх артыкулах узгадвала Мікіту як «ціхара».

Знайсьці першакрыніцу ў суполцы «Тэрыторыя правоў» цяпер ужо немагчыма — верагодна, гэтая інфармацыя была выдаленая.

«23 верасьня ў мяне быў дзень народзінаў — мне споўнілася 30 гадоў. Гэтае сьвята я вырашыў правесьці на пікеце Міколы Статкевіча. Усё было б добра, але на наступны дзень ад спадарыні Радзінай я атрымаў не зусім прыемны „падарунак“, які можна было назіраць на сайце „Хартыя’97“», — распавёў Радыё Свабода Мікіта Наглін.

Насамрэч Мікіта працуе на дзяржпрадпрыемстве, у электрычных сетках, спэцыялістам па сувязі. У яго вышэйшая адукацыя — ён скончыў Авіяцыйную акадэмію па спэцыяльнасьці «бортінжынэр».

Мікіта падкрэсьлівае, што ў публікацыях у інтэрнэце не прыведзена ніякіх фактаў, якія б сьведчылі, што ён мае нейкае дачыненьне да спэцслужбаў.

«Вось кажуць, што я шмат пытаньняў на мітынгу задаваў... Я б хацеў зьвярнуцца да палітыкаў: калі вы ўжо клічаце народ, сваіх слухачоў, то дайце магчымасьць ім сказаць і нясіце за гэта адказнасьць. А то народ прыходзіць, а потым пачынаецца — чаму вы пытаньні нязручныя задаяце? У мяне такое разуменьне, што мы павінны прыходзіць па квітках, з гатовымі пытаньнямі і гатовымі адказамі», — кажа Мікіта.

1. Мікіта Наглін і Тамара Балакіна на плошчы Свабоды. 2. Мікіта Наглін зь Міколам Статкевічам
1. Мікіта Наглін і Тамара Балакіна на плошчы Свабоды. 2. Мікіта Наглін зь Міколам Статкевічам

Жанчына на фатаздымку, распаўсюджаным сайтам «Хартыі-97», — Тамара Балакіна — прыйшла на акцыю разам зь Мікітам.

«Мяне на мітынг на плошчы Свабоды запрасіў Мікіта. Мне было вельмі цікава паглядзець і паслухаць Статкевіча, якога толькі вызвалілі з турмы. А цяпер нам дзіўна, што нас абвінавачваюць у такой бязглузьдзіцы, да якой мы ня маем ніякага дачыненьня», — кажа Тамара.

Да гэтага яны разам былі на пікеце памяці Ганчара і Красоўскага 16 верасьня каля ГУМа. Мікіта і Тамара таксама зьбіраюцца пайсьці на мітынг 4 кастрычніка супраць расейскай вайсковай базы.

Мікіта падкрэсьлівае, што для яго абвінавачаньне ў працы на спэцслужбы — гэта сур’ёзная абраза. Хоць тыя, хто ведае яго асабіста, не паверылі ў інфармацыю, якая зьявілася на сайце «Хартыі’97».

«Людзі ведаюць, хто я такі і чым займаюся. На той жа „Хартыі“ пісалі камэнтары, што так, сапраўды, ён электрык. Прадпрыемства вялікае, каля 1000 чалавек, і да таго, як вызвалілі Мікалая Статкевіча, я хадзіў у футболцы з надпісам „Свабоду Мікалаю Статкевічу!“. Мяне нават кіраўніцтва бачыла ў гэтай футболцы, але яны ўсё разумелі — ніхто нават слова ніводнага не сказаў. Працоўны кляс казаў — малайчына, трымайся. Адзін, праўда, быў, хто спытаўся: цябе яшчэ не пасадзілі?.. А як толькі я даведаўся, што Міколу выпускаюць, я ўсе справы кінуў і паехаў на аўтавакзал. Я пастаянна сачу за палітычнымі падзеямі», — распавёў Мікіта.

Мікіта і Тамара кажуць, што яны разам ходзяць на розныя імпрэзы ў кнігарні «Логвінаў» і ў галерэі «Ў», вучацца на курсах «Мова нанова», а таксама запісаліся ў назіральнікі на прэзыдэнцкіх выбарах ад Партыі БНФ.

Мікіта Наглін зьвярнуўся ў камісію па этыцы Беларускай асацыяцыі журналістаў са скаргай на сайт «Хартыі’97» і суполку ў сацсетках «Тэрыторыя правоў», якая мае дачыненьне да праваабарончага цэнтру «Вясна».

«Супрацоўнік, які працаваў на „Тэрыторыі правоў“, разьмясьціў неправераную інфармацыю, якая была распаўсюджана „Хартыяй’97“. Ён (Мікіта Наглін. — РС) просіць прызнаць, што ў гэтых публікацыях утрымлівалася парушэньне журналісцкай этыкі», — сказала карэспандэнту Свабоды сакратар камісіі па этыцы БАЖ Тацяна Равяка.

Радзіна: Гэтыя людзі мне пагражаюць

Натальля Радзіна
Натальля Радзіна

Галоўны рэдактар «Хартыі’97» Натальля Радзіна, якая ўцякла зь Беларусі і атрымала прытулак у Польшчы, настойвае на тым, што Мікіта і Тамара — супрацоўнікі беларускіх спэцслужбаў.

«Я абсалютна не разумею, чаму вас цікавіць гэтая тэма. Я магу сказаць толькі адно: я не атрымлівала ад гэтага чалавека ніводнага доказу таго, што ён не зьяўляецца супрацоўнікам спэцслужбаў. Яны нічога не дасылалі ні на сайт „Хартыі“, ні мне асабіста. Я ад яго атрымлівала толькі пагрозы ў Фэйсбуку. Гэтыя пагрозы, у прынцыпе, пацьвярджаюць, што гэты чалавек — супрацоўнік спэцслужбаў. І я маю намер усё гэта адправіць у БАЖ.

Акрамя таго, я хачу нагадаць, што першай інфармацыю пра тое, што гэта супрацоўнікі спэцслужбаў — „ціхары“ — паведаміла „Тэрыторыя правоў“. То бок праваабаронцы, якія назіраюць за акцыямі пратэсту. Потым яны чамусьці выдалілі гэтую інфармацыю, але першымі яны яе распаўсюджвалі», — заявіла Натальля Радзіна ў інтэрвію Радыё Свабода.

Галоўны рэдактар сайту «Хартыя-97» Натальля Радзіна 19 сьнежня 2010 году была арыштаваная па абвінавачаньні ў арганізацыі «масавых беспарадкаў» у дзень прэзыдэнцкіх выбараў. Яна правяла 1,5 месяца ў турме КДБ, дзе яе катавалі, затым была пераведзена на фактычны хатні арышт у Кобрын.

У красавіку 2011 году, напярэдадні суду, Радзіна ўцякла бяз пашпарта зь Беларусі ў Расею. 4 месяцы хавалася ў Маскве, атрымала статус уцекача па лініі ААН пры падтрымцы Эўразьвязу, Дзярждэпу ЗША і кіраўніцтва Расеі. У жніўні 2011 году прыехала ў Літву і атрымала там палітычны прытулак. У верасьні 2012 году Радзіна адкрыла офіс рэдакцыі сайту «Хартыя-97» у Варшаве. Натальля Радзіна — ляўрэат прэміі Камітэту абароны журналістаў (ЗША) «За асабістую мужнасьць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG