Увечары 25 верасьня кандыдат на прэзыдэнта Сяргей Гайдукевіч сваім другім выступам на тэлеканале «Беларусь 1» завяршае чарговы этап выбарчай кампаніі — тэлезвароты прэтэндэнтаў да выбарцаў.
Акрамя Гайдукевіча, двойчы пабывалі на ТБ Тацяна Караткевіч і Мікалай Улаховіч. А вось Аляксандар Лукашэнка традыцыйна такую магчымасьць праігнараваў.
Палітолягі лічаць, што Лукашэнка спэцыяльна абірае тактыку, якую можна акрэсьліць так: іншыя кандыдаты ўдзельнічаюць у кампаніі, а прэзыдэнт працуе. Гэтаксама адбываецца і сёлета, пра што і сказаў нашаму радыё кіраўнік ініцыятыўнай групы Лукашэнкі Міхаіл Арда:
«Гэта і ёсьць выбарчая кампанія. Калі людзі бачаць, як працуе кандыдат, будучы прэзыдэнтам. І бачаць вынікі гэтай працы. Гэта ўсё разам — і яго выбарчая кампанія, і яго праца.
Карэспандэнт: «А асобныя нейкія мерапрыемствы, напрыклад, сустрэчы з выбарцамі, будуць?»
«Безумоўна, ён жа штодня сустракаецца зь людзьмі, з грамадзянамі Беларусі. Яны ж і ёсьць выбарцы. Ён зь імі сустракаецца. І будзе сустракацца».
Лідэр Лібэральна-дэмакратычнай партыі Беларусі Сяргей Гайдукевіч неаднойчы казаў, што ў Беларусі ёсьць толькі тры харызматычныя палітыкі: Лукашэнка, Пазьняк і ён сам. Сёньня Гайдукевіч зьбіраецца пераўзысьці сваіх канкурэнтаў:
«Я ўмею заводзіць сябе да такой ступені, што я сёньня дам майстар-кляс на ўсю краіну. Усёй краіне дам майстар-кляс. І пакажу, што вось такі гуру. І што калі вы мяне папросіце, магу пайсьці на „біс“ трэці раз.
Пасьля першага выступу мне ўсе тэлефанавалі. Казалі: Сяргей Васільевіч, вы, канечне, харызматык, вы ўмееце трымацца перад камэрай, вы ўмееце гаварыць». А я ім адказваў: «Дзякуй, але гэта толькі пачатак».