Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анархісты адрэагавалі на жорсткае затрыманьне ў мэтро антыміліцэйскімі графіці


Belarus - Is the police is the order? Graffiti at a subway station Uruchchca in Minsk, 24Sep2015
Belarus - Is the police is the order? Graffiti at a subway station Uruchchca in Minsk, 24Sep2015

24 верасьня ў Менску ў пераходзе каля Камароўскага рынку зьявілася графіці: міліцыянт цягне за нагу чалавека па прыступках. Пазьней графіці замалявалі.

Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», гэтую акцыю пратэсту правялі ў розных месцах актывісты анархісцкага руху, якія заявілі:

«Мы хочам выказаць салідарнасьць з пацярпелымі і нагадаць, што гэта не адзінкавыя выпадкі. Мы нанесьлі трафарэты ў розных месцах Менску як сымбаль таго, што тое, што здарылася 18 верасьня, адбываецца паўсюль. Нематываваныя гвалт, запалохваньне, катаваньні і нават беспакаранае забойства (як некалькі гадоў таму ў Сьветлагорскім РАУС) — звыклыя мэтады для міліцыі. Мянтоўскі гвалт — частка нашай штодзённасьці.

Калі такія выпадкі носяць сыстэмны характар, то важна задумацца пра іх глыбінныя прычыны».

Пісьменьнік Сяргей Сыс сфатаграфаваў гэты малюнак і напісаў пра гэта на сваёй старонцы ў фэйсбуку:

«Я зразумеў адразу ягоную сутнасьць. Нагадваю тым, хто ня ў тэме. У Менску ў мэтро міліцыя жорстка затрымала сьляпога інваліда. Сьледчы камітэт, вядома, скажа, што міліцыянты дзейнічалі па інструкцыі. А менчукі кажуць сваё», — напісаў Сяргей Сыс.

18 верасьня на станцыі мэтро «Ўручча» супрацоўнікі міліцыі жорстка затрымалі інваліда па зроку. Гэтым інцыдэнтам абурыліся пасажыры. Некаторыя зафіксавалі на відэа і выклалі ў сеткі, як міліцыянты цягнулі сьляпога па прыступках за ногі.

У сеціве пачалі зьбіраць подпісы пад пэтыцыяй з патрабаваньнем звольніць або пакараць міліцыянтаў за зьбіцьцё сьляпога. Яе падтрымалі больш за 7 тысяч 870 чалавек.

Праваабаронцы асудзілі ўчынак супрацоўнікаў міліцыі і назвалі іх дзеяньні перавышэньнем службовых паўнамоцтваў. Кіраўнік ПЦ «Вясна» Алесь Бяляцкі заявіў:

Безумоўна, з боку супрацоўнікаў гэта перавышэньне службовых паўнамоцтваў у парушэньне закону

«Відавочна, сытуацыя сьведчыць пра непрафэсіяналізм супрацоўнікаў міліцыі, якія знаходзіліся ў такой колькасьці ў пераходзе, не маглі „даць рады“ са сьляпым чалавекам і вырашылі сытуацыю вось такім брутальным чынам. Безумоўна, з боку супрацоўнікаў гэта перавышэньне службовых паўнамоцтваў у парушэньне закону „Аб органах унутраных спраў“ і тых рамак маралі, у якіх ахоўнікі правапарадку мусяць працаваць.

З камэнтара Сьледчага камітэту бачна, што МУС пастараецца „перавесьці стрэлкі“ і абвінаваціць сьляпога чалавека, каб абараніць свой „гонар мундзіра“. Але на месцы кіраўніцтва МУС і СК трэба было б прааналізаваць сытуацыю, дзеяньні супрацоўнікаў і зрабіць пэўныя высновы. Бо такія паводзіны для праваахоўнікаў недапушчальныя ні ў якім выпадку.

Трэба заўважыць, рэакцыя людзей сымптаматычная, бо такія выпадкі, як перавышэньне паўнамоцтваў, хамства, непрафэсіяналізм у выкананьні абавязкаў з боку міліцыянтаў сустракаюцца даволі часта, і ў сувязі з гэтым ёсьць пэўны недавер да беларускай міліцыі. І гэта тычыцца ня толькі палітычных, але і вось такіх жыцьцёвых сытуацыяў».

На сьляпога завялі крымінальную справу аб супраціве супрацоўнікам органаў унутраных спраў.

Як паведамляе Белсат, затрыманы інвалід па зроку Зьміцер Арцёмаў цяпер у шпіталі пад вартай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG