У інтэрвію Свабодзе Ігар Гузь заявіў, што кандыдат у прэзыдэнты Тацяна Караткевіч ня мае ніякіх шанцаў для перамогі на выбарах 11 кастрычніка:
«Я за байкот. І раю беларускім палітыкам байкатаваць прэзыдэнцкія выбары. Я пільна сачу за сытуацыяй у Беларусі, ведаю шматлікіх палітычных і грамадзкіх актывістаў. Але ні Тацяна Караткевіч, ні іншыя палітыкі ня маюць шанцу перамагчы Лукашэнку. Удзел у выбарах бессэнсоўны. І на месцы беларускай апазыцыйнай супольнасьці я б ішоў толькі на байкот. Мне вельмі прыкра назіраць тое, што адбываецца ў Беларусі. А назіраю я з 2003 году, калі першы раз паехаў на сойм „Маладога фронту“. І з таго часу я вельмі прыстойна разумею палітычную сытуацыю ў Беларусі. Я ня бачу сэнсу браць удзел у выбарчай кампаніі», — сказаў Ігар Гузь.
Народны дэпутат Украіны лічыць, што апраўдваць удзел у выбарах магчымасьцю агітаваць нельга. На яго думку, даносіць інфармацыю да грамадзтва можна і не падчас выбарчай кампаніі:
«Той аргумэнт, што падчас агітацыі можна данесьці сваю праграму людзям, не вытрымлівае крытыкі. У прынцыпе, агітаваць і размаўляць зь людзьмі можна заўсёды, не абавязкова гэта рабіць у выбарчы пэрыяд. Складана, але можна шукаць варыянты. Таму я за байкот і раю гэтую тактыку беларускім палітыкам».
У 2005 годзе пасьля ўдзелу ў «Чарнобыльскім шляху» Ігар Гузь, які на той час узначальваў украінскую арганізацыю «Нацыянальны альянс», а таксама чацьвёра яго паплечнікаў былі затрыманыя і пакараныя 9 суткамі арышту на Акрэсьціна. Увесь гэты тэрмін украінскія актывісты трымалі галадоўку. Пасьля вызваленьня з турмы Ігара Гузя дэпартавалі зь Беларусі, пазбавіўшы права ўезду ў краіну на 5 гадоў.