Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебск: Нязручныя месцы для агітацыі, затое «ўсе ў роўных умовах»


Сустрэча Тацяны Караткевіч з выбарцамі
Сустрэча Тацяны Караткевіч з выбарцамі

У Віцебску прайшлі пікеты ў падтрымку двух кандыдатаў у прэзыдэнты, а таксама сустрэча з выбарцамі. Тым, што пікеты даводзілася ладзіць у «спальных» мікрараёнах, незадаволеныя ні прыхільнікі Сяргея Гайдукевіча, ні аднадумцы Тацяны Караткевіч. На гэтых імпрэзах пабывала ня так шмат людзей, затое на сустрэчу з кандыдаткай у школе сабралася амаль поўная актавая заля.

Пікет у падтрымку лідара ЛДПБ прайшоў на агітацыйнай пляцоўцы ў адным з двароў па вуліцы Воінаў-інтэрнацыяналістаў. Удзел у агітацыйнай акцыі ўзяў артыст Яўген Крыжаноўскі, давераная асоба Сяргея Гайдукевіча. Аднак шмат народу сабраць не ўдалося, хаця ў руках артыста быў мэгафон, а на пікеце было шмат візуальных матэрыялаў — ад партыйнага сьцяга да бутэлек зь мінэральнай вадой з партрэтам кандыдата-партыйнага лідэра.


Тацяна Караткевіч прыехала на агітацыйны пікет асабіста. Яго ладзілі ў новым мікрараёне Білева, на пляцоўцы паміж школай і мэблевай крамай. Зрэшты, пляцоўкай гэтае месца можна назваць умоўна: наведнікі пікету мусілі разьмясьціцца на ходніках, што стварала нязручнасьці для мінакоў.


Наведнікаў сабралася пад тры дзесяткі, сярод іх нават была група жанчын з Навалукомлю — яны прыехалі ў Віцебск па працоўных патрэбах і тут вырашылі сустрэцца з кандыдаткай. Дарэчы, менавіта жанчыны падтрымліваюць Тацяну Караткевіч найбольш актыўна — прынамсі, менавіта з жаночых вуснаў на пікеце гучалі меркаваньні пра тое, што «толькі жанчына можа выправіць сытуацыю ў краіне».


Давераныя асобы абодвух кандыдатаў адзначалі, што Віцебскі гарвыканкам вызначыў дужа нязручныя месцы для вулічнай агітацыі. Гэта або ўскраінныя паркі адпачынку, або месцы ў «спальных» мікрараёнах. Паводле прыхільнікаў кандыдатаў, у адказ на прэтэнзіі адказныя асобы адказвалі адно: «Затое ўсе ўдзельнікі выбараў знаходзяцца ў роўных умовах».


Куды больш народу, чымсьці на пікет, сабралася на сустрэчы з Тацянай Караткевіч у актавай залі школы № 31. Тут актыўнасьць праяўлялі ўжо ня толькі жанчыны: мужчыны зь ліку прысутных пыталіся ў кандыдаткі пра пэрспэктывы абароназдольнасьці краіны, пра лёс беларускай мовы, разьвіцьцё айчыннага спорту, і канешне, шляхі разьвіцьця эканомікі. Некаторыя пытаньні гучалі правакацыйна. Але Тацьцяна Караткевіч і ўдзельнікі яе каманды, якія разам з кандыдаткай прыехалі зь Менску, стараліся трымацца добразычліва.

Як паказалі пікет і сустрэча, Тацяну Караткевіч выбаршчыкі пазнаюць, шмат хто глядзеў яе тэлевыступ, і некаторыя нават казалі, што на выбары пойдуць, каб прагаласаваць менавіта за яе. Хаця мінулыя і пазамінулыя прэзыдэнцкія выбары сьвядома ігнаравалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG