Выбарчы штаб Тацяны Караткевіч сёньня прааналізаваў яе першы тэлезварот да выбарцаў. Мікалай Улаховіч прысьвяціў дзень падрыхтоўцы свайго выступу, які пачнецца ў 19.30 на тэлеканале «Беларусь 1». Сяргей Гайдукевіч разьмяркоўваў свае агітацыйныя матэрыялы паміж рэгіёнамі. Аляксандар Лукашэнка па-ранейшаму ў Расеі.
Дзьмітрыеў: Сьвятло ў тэлестудыі БТ выставілі не на карысьць Караткевіч
Тацяна Караткевіч сёньня паехала ў Смалявічы, Жодзіна і Барысаў. А перад ад’ездам штаб кандыдаткі правёў разбор яе ўчорашняга тэлевізійнага выступу, — сказаў Свабодзе кіраўнік выбарчага штабу Караткевіч Андрэй Дзьмітрыеў:
«Тацяна проста малайчына. Усім відавочны яе рост як палітыка. І мы гэтым вельмі ганарымся. Некаторыя кажуць, што ў яе выступе не было нейкіх такіх яскравых прыкладаў, пра якія б пасьля ўвесь дзень размаўлялі. Але мы ў першым выступе спэцыяльна не рабілі шмат яскравых вызначэньняў. Там было некалькі цытатаў — і пра шок без тэрапіі, і пра жабракоў-мільянэраў, і пра тое, што Лукашэнка стаміўся...
Аднак наша задача палягала ў тым, каб у людзей зьявілася адчуваньне, што яны слухаюць менавіта праграму. І каб яна не была перакрэсьленая нейкай кідкай цытатай, якая ў межах гэтай стратэгіі была б недарэчнай. Каб у людзей зьявілася адчуваньне, што ёсьць чалавек, які разумее праблемы. І які разумее, што трэба рабіць. Мы гэтага дасягнулі. Таму і лічым учорашні выступ вельмі ўдалым.
Нам было ўчора вельмі прыкра пабачыць, што на тэлебачаньні ўзьнікла праблема з асьвятленьнем для Тацяны. Сьвятло ў студыі было вельмі кепскае. І гэта заўважылі шмат людзей. Ну нельга так падсьвечваць кандыдата. Таму мы, безумоўна, наступным разам возьмем з сабой спэцыяліста, каб сьвятло было выстаўлена на карысьць Тацяны».
Улаховіч пацее на тэкстам выступу па БТ
Сёньня месца Караткевіч у студыі «Беларусь 1» зойме старшыня Беларускай патрыятычнай партыі, «народны атаман» Мікалай Улаховіч. Ён кажа, што выступы папярэднікаў прымушаюць яго папацець над тэкстам:
«Я спрабую напісаць сваю прамову для тэлебачаньня. Спрабую з мукамі. Вось паслухаў свайго сябра Гайдукевіча. Я яго лічу сябрам. Паколькі мы абодва — афіцэры, а ня спарынг-партнэры, як часам пра нас абодвух кажуць. Я яго паслухаў, і цяпер думаю — а як я выступлю? Я ня думаю, што змагу так прыгожа, як ён. Я, шчыра кажучы, думаю пра сябе, што я ў чымсьці грубаваты і вуглаваты».
Гайдукевіч прывёз 2 машыны з улёткамі
Сяргей Гайдукевіч сёньня займаўся разьмеркаваньнем сваіх агітацыйных матэрыялаў. Дзьве машыны з улёткамі і каляндарыкамі прывезьлі сёньня з друкарні ў офіс Лібэральна-дэмакратычнай партыі Беларусі, кажа першы намесьнік старшыні партыі Алег Гайдукевіч:
«Сёньня ў нас праходзіць пасяджэньне выбарчага штабу з удзелам прадстаўнікоў рэгіянальных структур. Агітацыйныя матэрыялы раздадзім ім. І з гэтых выходных пачынаем пікеты ва ўсіх гарадах, дзе мы гэта заплянавалі. У нас дзьве машыны ўлётак, каляндарыкаў.
Мы значна папоўнілі свой выбарчы фонд. Толькі ўчора атрымалі 40 мільёнаў. І гэта будзе працягвацца і надалей. Хто дае грошы, мы дакладна ня ведаем. Усё гэта робіцца выключна праз банк. Хтосьці зь сябраў партыі кажа, што паклаў пэўную суму, а хтосьці кладзе грошы і ня кажа пра гэта».
Асабісты фінансавы фонд на гэтых выбарах не павінен перавышаць 9000 базавых велічыняў (адна базавая цяпер — 180 000 беларускіх рублёў). Гэта ў тры разы больш параўнальна з выбарамі кіраўніка дзяржавы ў 2010 годзе.
Лукашэнка сустракаецца з Пуціным
Аляксандар Лукашэнка сёньня ў Сочы ўдзельнічае ў расейска-беларускім форуме рэгіёнаў, дзе правёў сустрэчу з расейскім прэзыдэнтам Уладзімерам Пуціным.