Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ультрас і правы рух ня зробяць Майдан у Беларусі», — Сівіцкі


Банэр на футбольным матчы ў Львове
Банэр на футбольным матчы ў Львове

Расейскія СМІ пішуць пра 15 «сотняў» для магчымага «беларускага Майдана».

У камэнтары Радыё Свабода кіраўнік беларускага Цэнтру стратэгічных і замежнапалітычных дасьледаваньняў Арсень Сівіцкі сьцьвярджае, што ў расейскіх СМІ ідзе актыўная падрыхтоўка інфармацыйнага фону для дэстабілізацыі абстаноўкі падчас выбараў прэзыдэнта Беларусі.

Адзін зь беларускіх ідэолягаў «русского мира», старшыня Віцебскага грамадзкага аб’яднаньня «Рускі дом» Андрэй Герашчанка лічыць, што ў Беларусі «створаная спрыяльная глеба для русафобіі, а афіцыйны Менск аддаляецца ад Масквы».

Пра гэта Андрэй Герашчанка сказаў у інтэрвію інфармацыйнаму агенцтву Regnum.

Ён таксама лічыць, што ў Беларусі ўжо падрыхтаваныя 1500 чалавек зь ліку нацыяналістаў і футбольных заўзятараў, гатовых да беларускага майдану.

Андрэй Герашчанка
Андрэй Герашчанка

«Моладзевыя радыкальныя групы — нацыяналісты і футбольныя ультрас — ужо сёньня могуць выставіць ня менш за 15 „сотняў“ для магчымага „беларускага майдана“. Безумоўна, пры Лукашэнку гэта малаімаверна, але яны рыхтуюцца ўжо на ўсю моц. Цалкам відавочна, што ўлады іх ужо зь цяжкасьцю кантралююць», — заявіў Андрэй Герашчанка.

Спасылаючыся на падзеі, якія разгарнуліся вакол футбольнага матчу Ўкраіна — Беларусь у Львове, Герашчанка кажа, што «праблемы радыкалізацыі часткі беларускай моладзі і выкарыстаньня русафобіі як інструмэнту гэтай радыкалізацыі проста відавочныя»:

«Падчас нядаўняга матчу зборных Украіны і Беларусі ў Львове беларускія і ўкраінскія ультрас разам правялі марш. Падчас маршу і на трыбунах яны крычалі абразы на адрас прэзыдэнта Расеі, дэманстратыўна здавалі кроў „у дапамогу байцам АТА“. Гэта была вакханалія нацыяналізму. Не выпадкова заўзятараў, якія вярталіся ў Беларусь, сустракаў спэцназ — зразумела, што прывезьці з Украіны яны маглі што заўгодна».

Арсень Сівіцкі
Арсень Сівіцкі

Кіраўнік беларускага Цэнтру стратэгічных і замежнапалітычных дасьледаваньняў Арсень Сівіцкі сказаў у інтэрвію Свабодзе, што такім чынам расейскія СМІ ствараюць «ілюзію майдана» ў Беларусі — прасоўваюць ідэі пра тое, што ў Беларусі падчас выбараў магчымы ўкраінскі сцэнар.

«Апошнім часам шэраг расейскіх афіцыйных і фармальна незалежных СМІ прасоўваюць ідэю пра тое, што на тэрыторыі Беларусі праварадыкальныя групоўкі рыхтуюць „Майдан“. Гэта можна назваць „ілюзіяй Майдана“ — прасоўваньне ідэі пра тое, што нібыта ў Беларусі падчас выбараў магчымы ўкраінскі сцэнар.

Вось Андрэй Герашчанка сьцьвярджае, што 15 „соцень“ беларускіх ультрас і праварадыкалаў будуць дэстабілізаваць сытуацыю падчас выбарчай кампаніі. Гэта яшчэ адно пацьверджаньне гэтай ідэі, якую прасоўваюць расейскія СМІ».

Арсень Сівіцкі лічыць такія публікацыі спробамі стварыць у СМІ ілюзію дэстабілізацыі ваенна-палітычнай абстаноўкі — дэстабілізацыі, пляны якой насамрэч прапрацоўваюць у Расеі.

Гэта спроба легендаваць сцэнар дэстабілізацыі, да якога, відаць, Расея сама і рыхтуецца

«Але з боку гэтыя спробы выглядаюць сьмешна — асабліва для беларусаў, якія рэальна ведаюць становішча правага руху на Беларусі. Таму тут толькі адна выснова можа быць — гэта спроба легендаваць сцэнар дэстабілізацыі, да якога, відаць, Расея сама і рыхтуецца. Пра гэтую падрыхтоўку сьведчаць, напрыклад, вайсковыя вучэньні, якія цяпер праводзяцца з удзелам Расеі. Адзін з элемэнтаў іх — увод калектыўных сілаў для дэстабілізацыі сытуацыі, змаганьне зь незаконнымі вайсковымі фармаваньнямі і здушэньне „майданаў“».

Палітоляг падкрэсьліў, што правыя сілы ў Беларусі ня ў тым стане, каб арганізаваць масавы пратэст:

«Сёньня стан правага руху ў Беларусі сьведчыць пра тое, што абазначаная ў артыкулах пагроза не існуе. Выглядае, што Расея вырашыла такім чынам стварыць інфармацыйны фон пад тыя падзеі, якія яна ж сама і плянуе тут падчас выбараў. Расея, як мінімум, рыхтуецца да таго, што сытуацыя ў Беларусі будзе дэстабілізаваная. Але тое, што Расея паказвае на правы рух у Беларусі як крыніцу гэтай дэстабілізацыі, гучыць даволі сьмешна. Таму гэта трэба разглядаць як спробу закамуфляваць свой удзел у гэтай дэстабілізацыі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG