Кандыдат у прэзыдэнты Сяргей Гайдукевіч лічыць, што першы этап прэзыдэнцкіх выбараў праходзіў у беспрэцэдэнтна добрых умовах, бо зьбіраць подпісы можна было паўсюль, ніякіх абмежаваньняў для патэнцыйных кандыдатаў не было.
«Першы этап прайшоў у канкурэнтнай, роўнай барацьбе. Гэта вельмі радуе», — заявіў Сяргей Гайдукевіч на сёньняшняй прэс-канфэрэнцыі.
На ягоную думку, подпісы сабралі менавіта тыя, хто мог гэта зрабіць і хто гэтага хацеў.
«Хто колькі хацеў, столькі і сабраў подпісаў», — сказаў ён.
Паводле Гайдукевіча, калі наступны этап выбарчай кампаніі будзе гэтаксама свабодны, то можна разьлічваць на тое, што ў Беларусі пасьля выбараў зьявіцца «палітычная эліта».
Гайдукевіч таксама крытычна выказаўся наконт тых, хто застаўся незадаволены першым этапам выбарчай кампаніі:
«Хочацца сказаць: Анатоль, ідзі зьбірай подпісы, хопіць піярыцца».
Журналісты зьвярнуліся да Гайдукевіча з пытаньнем, як ён ставіцца да разьмяшчэньня расейскай авіябазы ў Беларусі. Але кандыдат у прэзыдэнты ўхіліўся ад прамога адказу. Замест гэтага ён зьвярнуў увагу на тое, што Эўразьвяз дагэтуль ня зьняў санкцыі супраць уладаў Беларусі.
«Я зьвяртаюся да эўрапейскіх партнэраў: мы столькі ўжо зрабілі крокаў насустрач вам, зрабіце і вы нешта станоўчае, прыпыніце санкцыі. Мінімальны рух ЭЗ у бок Беларусі — і пытаньні „так“ ці „не“ будуць зьнятыя самі сабой», — заявіў кандыдат у прэзыдэнты.
Паводле слоў лідэра ЛДПБ, у прынцыпе ніхто ня хоча, каб у ягонай краіне былі замежныя базы, але «ёсьць сытуацыі, калі няма выйсьця, калі трэба прымаць рашэньне».
Адказваючы на пытаньні журналістаў, Гайдукевіч заявіў, што вельмі б хацеў дэбатаў з Лукашэнкам. Ён таксама разьлічвае, што выбары будуць прызнаныя на Захадзе.
Разважаючы пра беларускую палітыку, лідэр ЛДПБ выказаў думку, што ў Беларусі ёсьць толькі тры сапраўдныя «харызматыкі»: Пазьняк, Лукашэнка і Гайдукевіч.