Караткевіч: Лукашэнка стаміўся, яму трэба адпачыць
Тацяна Караткевіч у сваім выступе падзякавала камандзе, якая зь ёй працуе.
«Улада павінна мяняцца мірным шляхам. Таму павінна быць ня больш за два тэрміны для прэзыдэнцтва. Лукашэнка стаміўся, яму трэба адпачыць. Патрэбныя мірныя перамены і новыя людзі ва ўладзе», — сказала Караткевіч.
Ля Дома ўраду
Зарэгістравалі Сяргея Гадукевіча
У сваім выступе ён кажа пра квітнеючую Беларусь і дзякуе ўсім, хто за яго падпісаўся.
Зарэгістравалі Мікалая Ўлаховіча
Ён гаворыць, што лічыць сябе моцным кіраўніком і хоча прынесьці карысьць радзіме.
БНФ просіць не рэгістраваць Лукашэнку
Апошнім разглядаюць пытаньне па рэгістрацыі Аляксандра Лукашэнкі. Яго па даверанасьці прадстаўляе кіраўнік ініцыятыўнай групы Міхаіл Орда.
Лідзія Ярмошына кажа, што паступіла заява Партыі БНФ аб парушэньнях падчас збору подпісаў ініцытыўнай групай дзейнага кіраўніка дзяржавы. Але факты, паводле Ярмошынай, не пацьвердзіліся.
Орда: Плякаты Лукашэнкі друкавалі за грамадзкія сродкі
У адрас Міхаіла Орды прагучала пытаньне пра сродкі, на якія былі вырабленыя плякаты з фатаздымкам Аляксандра Лукашэнкі, якія выкарыстоўваліся падчас пікетаў па зборы подпісаў.
Орда адказаў, што плякаты вырабленыя за грамадзкія сродкі, а таксама за кошт Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі.
Лідзія Ярмошына адзначыла, што прэтэнзія нявартая.
Лукашэнка зарэгістраваны апошнім
Сябры ЦВК адзінагалосна прагаласавалі за рэгістрацыю Аляксандра Лукашэнкі ў якасьці кандыдата ў прэзыдэнты.
У сваім выступе Орда кажа, што людзі неабыякавыя да выбараў і падтрымліваюць дзейнага лідэра сэрцам.
Сябры ЦВК зацьвердзілі графік выступаў кандыдатаў. Кожны будзе мець магчымасьць выступіць па два разы на радыё і тэлебачаньні. Першыя выступы пачнуцца 15 верасьня а 19-ай гадзіне.