Раманоўская прачытала “Малітву”
Надзея Раманоўская здала на праверку 779 подпісаў, але іх нават не правяралі. Сама Раманоўская сказала, што хоча атрымаць афіцыйны дакумэнт пра тое, што яна зьбірала подпісы. Падзякавала ўсім падпісантам і сябрам ЦВК, а таксама прачытала “Малітву” Мулявіна.
Прагаласавалі адзінагалосна
Пастанова па рэгістрацыі кандыдатамі ў прэзыдэнты Сяргея Гайдукевіча, Тацяны Караткевіч, Аляксандра Лукашэнкі і Мікалая Ўлаховіча сябрамі камісіі прынятая адзінагалосна.
Шаўцоў: За Лукашэнку не прымушалі падпісвацца
Паводле прадстаўніка Менскага гарадзкога выбаркаму Дзьмітрыя Шаўцова, факты прымусу падпісвацца за Лукашэнку на менскіх прадпрыемствах ня маюць свайго пацьверджаньня. Кіраўніцтва прадпрыемстваў, кажа Шаўцоў, не пацьвердзіла гэтыя факты.
У Менску за Лукашэнку сфальшавалі 151 подпіс
Выступае старшыня менскай гарадзкой выбарчай камісіі Дзьмітрый Шаўцоў. Адзначае вялікую актыўнайсьць у сталіцы, а таксама кажа пра незаконны распаўсюд агітацыйных матэрыялаў за Анатоля Лябедзьку.
Адзначаецца, што ў Менску было зафіксавана толькі 151 несапраўдны подпіс за дзейнага прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнку.
Лазавік: Трэба зрабіць працэдуру подпісаў яшчэ больш лібэральнай
Сакратар ЦВК Мікалай Лазавік узяў слова, сказаў, што трэба рабіць працэдуру збору подпісаў яшчэ больш лібэральнай, каб усе змаглі сабраць неабходную колькасьць подпісаў.
«Трэба прыбраць з заканадаўства перашкоды, якія яшчэ там ёсьць», — сказаў Лазавік.
Да будынку ЦВК прыйшло 15 актывістаў кампаніі «Гавары праўду», будуць сустракаць Тацяну Караткевіч. Узьнялі бел-чырвона-белы сьцяг і сьцяг кампаніі.
Старшыні камісіяў: Цярэшчанка сфальшаваў шмат подпісаў
Выступілі старшыні Берасьцейскай, Віцебскай, Гарадзенскай абласьцей. Усе падкрэсьліваюць, што за Віктара Цярэшчанку было вельмі шмат сфальшаваных подпісаў.
Лукашэнка, Улаховіч, Караткевіч, Гайдукевіч. 4 пасведчаньні на стале ў ЦВК.
Адкрыла паседжаньне старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына. Выступаюць старшыні абласным камісіяў, яны даюць справаздачы па праверцы подпісаў.
Зьнік кіраўнік выбарчага штабу Віктара Цярэшчанкі
Пра гэта журналістам паведаміў у Доме ўраду сябра выбарчага штабу Віктара Цярэшчанкі Сяргей Скрабец.
Паводле Скрабца, Алег Несьцяркоў зьнік тыдзень таму, яго тэлефон выключаны. Сябры і паплечнікі Алега Несьцяркова рыхтуюцца зьвяртацца ў міліцыю.
У чаканьні кандыдатаў каля Дому ўраду
Гайдукевіча сустракаюць 30 чалавек зь вялізным букетам ружаў
Каля 30 чалавек будуць вітаць кандыдата ў прэзыдэнты Сяргея Гайдукевіча. Пікет у яго падтрымку адбываецца перад пачаткам рэгістрацыі кандыдатаў у Доме ўраду.
Як перадае карэспандэнт Радыё Свабода, на пікетчыках — майкі з партрэтам Сяргея Гайдукевіча. Калі будзе абвешчана рашэньне пра рэгістрацыю, удзельнікі пікету маюць паднесьці Гайдукевічу вялізны букет ружаў.