Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літанкета Свабоды: Віталь Рыжкоў


Віталь Рыжкоў нарадзіўся 28 красавіка 1986 у Магілёве. Жыве ў Менску. Аўтар кнігі паэзіі «Дзьверы, замкнёныя на ключы». Ляўрэат прэміі часопіса «Дзеяслоў» «Залаты апостраф» (2008), фіналіст конкурсаў Беларускага ПЭН-цэнтру да стагодзьдзя газэты «Наша Ніва» (2006), конкурсу імя К. Шэрмана (2009), пераможца слэму фэстывалю «Березневі Коти-4» (Ужгарад, Украіна), ляўрэат прэміі «Дэбют» імя М. Багдановіча за кнігу паэзіі «Дзьверы, замкнёныя на ключы».

1. Для каго вы пішаце? (Хто ваш ідэальны чытач?)

Для сябе, для тых, хто не лянуецца паразважаць над формай і зьместам, для людзей, абазнаных ня толькі ў беларускай літаратуры, магчыма, са здаровым цынізмам. Мне даволі складана з ідэальнымі чытачамі, якія наважыліся на, скажам так, «размову» з маім лірычным героем/пэрасанажамі, паставілі яму-«мне» адпаведны дыягназ, прынялі альбо не прынялі ў свой сьвет.

2. Дзе вам найлепш пішацца, і калі?

На вуліцы падчас хады, калі ўзнікае цікавая для самога сябе ідэя. Зрэшты, першаснае тут ня месца і ня час, а менавіта ідэя. Часам добра пішацца нават а трэцяй ночы на пральнай машыне у ваньне пры сьвятле мабільніка (каб нікога не разбудзіць). Вельмі добра пішацца, калі ўзьнікае неабходнасьць тэрміновай нелітаратурнай працы, альбо пад самы дэдлайн, канечне.

3. Аўтарам якой ужо напісанай кнігі вы хацелі б быць?

У вялікай колькасьці прачытаных кніг штосьці адгукалася, і выклікала такую-сякую белую пісьменьніцкую зайздрасьць. Заўважыў за сабой, што люблю не канкрэтную кнігу, твор альбо тэму твора, а тое ЯК гэта напісана альбо перакладзена — люблю тое, што завецца непаўторным аўтарскім стылем. Прынцып пераемнасьці ў літаратуры прадугледжвае часам несвядомы «байцінг» (імітаваньне элемэнтаў чужога стылю), таму кнігі, творы, прыёмы, аўтарам якіх я хацеў бы быць, так ці інакш існуюць і ў маіх творах, не заўжды па маім жаданьні.

4. Які літаратурны герой найбольш падобны да вас?

Апошнія пару гадоў — магілёўскі сэрыйны маньяк-адзіночка, якога завуць Машэка. :)

5. Хто ваш улюбёны пісьменьнік?

Іх так шмат, што «прапіяру» тут толькі тых, з кім пашанцавала жыць у адным часе: Алесь Разанаў, Вальжына Морт, Антон Францішак Брыль, Вера Бурлак, Віктар Жыбуль, Андрэй Адамовіч.

6. Што вы цяпер чытаеце?

Кнігу, якую перакладаю — так цікавей працаваць. Яна выйдзе напачатку 2016-га.

7. На якіх замежных мовах (расейская ня лічыцца) вы можаце чытаць?

Украінская, ангельская — зазіраючы ў слоўнік.

8. Якая ваша найбольш улюбёная кніга з напісаных вамі?

Яна адна, і я ня тое каб дужа люблю яе, калі шчыра. Думаў, што тое-сёе зь яе варта выкінуць, але падчас падрыхтоўкі да перавыданьня ва Ўкраіне — наадварот, дапоўніў.

9. Якую кнігу вам яшчэ хочацца напісаць?

Яшчэ дзьве паэтычныя, як было задумана калісьці даўно, каб завершыць задуманую гісторыю. І было б добра два-тры раманы.

10. Калі вы адчуваеце сябе найбольш свабодным?

Як мага далей ад літаратурных і багемных колаў; зь вернымі і добрымі сябрамі (хоць ёсьць і літаратары сярод іх); на самоце ў родным горадзе, каля Дняпра.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG