Аднак, дадаў ён, «з улікам таго, што Міхалевіч добраахвотна прыбыў на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь, упраўленьне Сьледчага камітэту па Менску са згоды пракурора прыняло рашэньне не заключаць яго пад варту, а ўжыць да яго меру стрыманьня ў выглядзе падпіскі аб нявыезьдзе і належных паводзінах».
Цяпер у вытворчасьці знаходзіцца крымінальная справа ў дачыненьні да Міхалевіча па ч. 1 арт. 293 КК (арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся гвалтам над асобай, пагромамі, падпаламі, зьнішчэньнем маёмасьці або ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады). Яе расьсьледаваньне было прыпыненае пасьля выезду Міхалевіча за мяжу. Ён атрымаў палітычны прытулак у Чэхіі.
Як паведаміў БелаПАН Міхалевіч, яго адпусьцілі каля 15.00 пад падпіску аб нявыезьдзе, хоць ён не падпісваў ніякіх дакумэнтаў. Паводле Міхалевіча, гэта першы прыклад у гісторыі юрыспрудэнцыі Беларусі, калі пад падпіску аб нявыезьдзе быў выпушчаны чалавек, які яе не падпісваў. Пры гэтым супрацоўнікі РАУС не паведамілі Міхалевічу пра магчымыя наступствы адмовы ад падпіскі.