Гэтая норма прадугледжаная ўказам Аляксандра Лукашэнкі № 379, які быў апублікаваны 3 верасьня на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Паводле гэтага дакумэнту грамадзяне маюць права садзейнічаць дзяржаўным органам праз інфармаваньне пра становішча ў памежнай прасторы, а таксама браць непасрэдны ўдзел у ахове мяжы, у тым ліку праз удзел у грамадзкіх аб’яднаньнях і іншых арганізацыях, якія садзейнічаюць праваахоўным органам у ахове грамадзкага парадку.
Добраахвотнікі атрымаюць права ўдзельнічаць сумесна з памежнікамі ў праверцы дакумэнтаў у фізычных асобаў і аглядзе транспартных сродкаў, аказваць садзейнічаньне памежным нарадам у ажыцьцяўленьні дзеяньняў па пошуку і затрыманьні правапарушальнікаў, а таксама ўжываць фізычную сілу ў мэтах самаабароны, спыненьня правапарушэньняў, затрыманьня і дастаўкі асобаў, якія гэтыя правапарушэньні ўчынілі.
Трэба таксама дадаць, што браць удзел у добраахвотнай дапамозе па ахове мяжы могуць ня толькі грамадзяне Беларусі, але і замежныя грамадзяне, а таксама асобы без грамадзянства.
Грамадзкая арганізацыя для аховы мяжы з Расеяй
У сувязі са зьяўленьнем указу № 379 старшыня Магілёўскай абласной рады Партыі БНФ Зьміцер Салаўёў выступіў у Фэйсбуку з прапановай стварыць грамадзкую арганізацыю па ахове беларуска-расейскай мяжы.
Як патлумачыў Салаўёў у інтэрвію Радыё Свабода, гэтая прапанова была агучана напалову жартам, напалову ўсур’ёз.
«Калі мая прапанова знойдзе водгук у людзей, то, у прынцыпе, можна рэальна стварыць такую арганізацыю. Бо мы ведаем, што ў нас мяжа адкрытая, а гэта канал пастаўкі наркотыкаў, кантрабанды і г.д. Чаму б грамадзтву, прынамсі, не кантраляваць прыток наркотыкаў у Беларусь, дый проста нелегальную міграцыю з азіяцкіх краін? Гэта цалкам рэальна. Калі ёсьць такая магчымасьць, зацьверджаная заканадаўствам, то чаму б ёй не скарыстацца?», — кажа ён.
На думку Салаўёва, прэзыдэнцкі ўказ быў падпісаны, каб зьявілася магчымасьць прыцягваць да аховы мяжы нейкія псэўдапатрыятычныя арганізацыі, бо, відаць, у дзяржавы не хапае сродкаў для поўнага кантролю мяжы.
Салаўёў ня верыць, што на зьяўленьне ўказу № 379 паўплывала жаданьне ўладаў прэвэнтыўна ўмацаваць мяжу на выпадак магчымай расейскай агрэсіі.
«Я ня думаю, што менавіта ў гэтым кірунку думае наша ўлада, бо мы бачым па апошніх іхніх кроках, што яны цалкам зьліліся пад Расею, яны сур’ёзныя базы тут разьмяшчаюць, падпісаныя ўжо папраўкі ў заканадаўства. Магчыма, што і нейкія невайсковыя фармаваньні прарасейскія будуць удзельнічаць у ахове мяжы. Але я ня думаю, што гэта рэальна патрыятычнае натхненьне нашага кіраўніцтва», — кажа актывіст.
Экспэрт: сыстэма аховы мяжы карэнным чынам ня зьменіцца
Палітоляг і юрыст Юры Чавусаў патлумачыў Радыё Свабода, што ў Беларусі дастаткова шмат грамадзкіх арганізацыяў, якія садзейнічаюць праваахоўным органам у ахове грамадзкага парадку, на што і ідзе спасылка ва ўказе № 379.
«Ёсьць грамадзкія рады па ахове грамадзкага парадку, дзе прадстаўлены БРСМ і некаторыя іншыя грамадзкія структуры. Таксама ў гэтыя рады ўваходзяць прадстаўнікі дзяржаўных органаў, дырэктары школаў і гэтак далей. Гэтыя рады створаныя амаль па ўсёй тэрыторыі Беларусі — іх тысячы, яны існуюць на ўзроўнях нават ніжэйшых за раённы. Тут гаворка ідзе пра дружыньнікаў — добраахвотных памочнікаў міліцыі, так бы мовіць. Рады вызначаюць, якім чынам будзе ажыцьцяўляцца праца дружыньнікаў, напрыклад, з БРСМ на тэрыторыі гэтага мікрараёну падчас правядзеньня нейкіх мерапрыемстваў, вырашаюцца і некаторыя іншыя пытаньні. Рашэньні гэтых грамадзкіх радаў пасьля выконваюцца тымі грамадзкімі аб’яднаньнямі, якія ўваходзяць у склад рады», — кажа ён.
Чавусаў упэўнены, што няма ніякіх падстаў казаць пра тое, што падобнымі заканадаўчымі актамі закладаецца прававая база для стварэньня нейкіх «добраахвотных батальёнаў» на выпадак зьнешняй агрэсіі.
«Я ня думаю, што трэба рабіць такія далёкасяжныя высновы. Ахова мяжы — рэч шматаспэктная, і дапамога ў высочваньні нейкіх парушальнікаў можа быць негвалтоўнымі дзеяньнямі. Я ня думаю, што гэта норма вельмі значная, якая карэнным чынам зьменіць сыстэму аховы мяжы», — кажа экспэрт.
Паводле слоў Чавусава, прыцягненьне звычайных грамадзян да вырашэньня пытаньняў, якія знаходзяцца ў кампэтэнцыі ўладаў, — практыка даволі распаўсюджаная.
«Разгарніце, напрыклад, заканадаўства па ахове прыроднага асяродзьдзя — там ёсьць норма пра ўдзел прыродаахоўных грамадзкіх арганізацыяў у кантролі за станам прыроднага асяродзьдзя. Таму я ня бачу тут нейкай звышновай нормы», — падкрэсьліў экспэрт.
Папраўкі дзеля расейскай базы
Трэба адзначыць, што ўказ № 379 тычыцца ня толькі добраахвотнай дапамогі пры ахове мяжы. Адначасова расейскія вайскоўцы, якія знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі, атрымліваюць права выкарыстоўваць зброю пры ахове дзяржаўнай мяжы ў паветранай прасторы.
Указ прэзыдэнта распаўсюдзіў дзеяньне Палажэньня аб парадку прымяненьня зброі пры ахове дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь «на ваеннаслужачых іншых дзяржаў, якія выконваюць задачы па ахове Дзяржаўнай мяжы ў паветранай прасторы ў адпаведнасьці зь міжнароднымі дамовамі Рэспублікі Беларусь». Такім чынам, вайскоўцы «іншых дзяржаў» атрымалі права на прымяненьне зброі і баявой тэхнікі «пры выкананьні задач па ахове Дзяржаўнай мяжы ў паветранай прасторы».
Гэтыя папраўкі былі ўнесеныя 31 жніўня, а 2 верасьня зьявілася інфармацыя пра намер Крамля падпісаць пагадненьне зь Беларусьсю аб стварэньні на яе тэрыторыі вайскова-паветранай базы.
«Падпісаньне пагадненьня будзе садзейнічаць арганізацыі сумеснай аховы зьнешняй мяжы дзяржавы ў паветранай прасторы і стварэньню рэгіянальнай сыстэмы супрацьпаветранай абароны Расейскай Фэдэрацыі і Рэспублікі Беларусь», — адзначалася ў заяве прэс-службы ўраду Расеі.