Міністэрства культуры Расеі не дало дазволу на вываз твораў Марка Шагала, баючыся магчымага арышту карцін па справе ЮКАСу. Пра гэта заявіў дырэктар Рускага музэю Ўладзімір Гусеў.
«У сувязі са справай ЮКАСу ўзьнікаюць рызыкі арышту расейскай маёмасьці за мяжой. Такая рызыка была і мы зь міністэрствам культуры РФ вырашылі, што рызыка перавышае пазытыўны вынік, які магла б даць выстава. Цяпер шмат усялякіх недружалюбных акцый. Гэта павінна была быць выстава Шагала і яго сучасьнікаў», — цытуе Гусева ТАСС.
Раней у дэпартамэнце культурнай спадчыны Міністэрства культуры заявілі, што рэкамэндацыя была зьвязана з тым, што «Швэцыя не падала неабходных гарантый захаваньня і вяртаньня каштоўнасьцяў музэйнага фонду Расейскай Фэдэрацыі».
Стакгольмскі музэй Міленсгордэн у сваёй заяве назваў прычынай адмены выставы «палітыку і бюракратыю». У заяве швэдаў адзначаецца, што партнэры з Рускага музею «гэтак жа засмучаныя, як і мы». З-за сытуацыі з выставай Шагала музэй перанясе дату адкрыцьця выставы, прысьвечанай швэдзкай акторцы Інгрыд Бэргман.
У ліпені мінулага году пастаянная палата трацейскага суду ў Гаазе абавязала Расею выплаціць амаль 50 млрд даляраў кампаніям, зьвязаным з былымі акцыянэрамі ЮКАСу. Расея выказала нязгоду з гэтым рашэньнем і адмовілася яго выконваць.
У чэрвені ў рамках гэтай справы былі арыштаваныя рахункі расейскіх пасольстваў ў Бэльгіі і Францыі, рахункі прадстаўніцтваў Расеі пры ЭЗ і НАТО, а таксама прадстаўніцтва пры ЮНЭСКА. Абмежаваньні пазьней былі адмененыя пасьля перамоў па лініі міністэрстваў замежных спраў.
Рускі музэй знаходзіцца ў Санкт-Пецярбургу. У яго фондах — такія знакамітыя працы ўраджэнца Віцебска Марка Шагала як «Прагулка» або «Чырвоны габрэй». Апошняя буйная рэтраспэктыўная выстава працаў Шагала прайшла напачатку гэтага году ў Брусэлі, куды пераехала з Італіі. На выставу былі сабраныя працы з музэяў усяго сьвету, у тым ліку і са згаданага Рускага музэю.