Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заіка: і Лукашэнку, і Назарбаеву давядзецца скакаць як смажаным пеўням на патэльні


Крэмль заганяе Беларусь і іншых хаўрусьнікаў у Валютны саюз.

Практычна кожную партыю тавару, які беларускія імпартэры ўвозяць з-за мяжы, яны цяпер павінны будуць аддаваць на санітарна-гігіенічную экспэртызу. Такая норма закладзеная ва ўрадавай пастанове № 666.

Гэты дакумэнт тычыцца шматлікіх тавараў: прадуктаў харчаваньня, бытавой хіміі, рэчаў для дзяцей, касмэтыкі ды шмат чаго іншага. Усё, што завезена ў Беларусь пачынаючы ад 28 жніўня 2015 году, павінна прайсьці дадатковы кантроль.

Эканамісты ўпэўненыя: кампаніі, якія займаюцца імпартам, новыя выдаткі ня возьмуць на сябе, а перакладуць на пакупнікоў. Таму трэба адназначна рыхтавацца да таго, што імпарт у Беларусі хутка стане даражэйшы. А некаторыя экспэрты нават прагназуюць магчымы дэфіцыт часткі імпартных тавараў.

Падвышэньне цэнаў непазьбежнае — упэўнены кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка:

Леанід Заіка
Леанід Заіка

«Беларускі рубель пайшоў у дэвальвацыйнае плаваньне. І інфляцыя будзе ня 18 і ня 20%, а значна болей. І хоць да канца году застаецца ўсяго чатыры месяцы, яна можа быць і 25%, і нават вышэй».

Навуковец кажа, што новая ўрадавая пастанова пацягнула за сабою нашмат больш важныя рэчы, чым простае падвышэньне коштаў:

«Такога роду захадамі мы абазначылі сябе як краіну, якая выходзіць з агульных правілаў Адзінай мытнай прасторы. Мне падаецца, што зараз і Казахстан, і Беларусь, і тая ж Армэнія нарэшце пачынаюць асэнсоўваць, што яны нарабілі. Гэта выразна бачна па сытуацыі з расейскім рублём. Высьвятляецца, што ўсе краіны, якія ўваходзяць у Мытны саюз, асабліва Казахстан і Беларусь, адносна ўласнай грашовай палітыкі сталі абсалютна няздатнымі.

Я бачу тут досыць жорсткую лёгіку дзеяньняў Крамля. Калі ў 2005 годзе Беларусь не пайшла на стварэньне адзінай валюты, то цяпер Масква паказвае — вы, мясцовыя, правінцыйныя хлопцы, атрымаеце па поўнай праграме. Рубель дэвальвуецца, вас усіх будзе касабочыць — і вуліцу Карла Маркса з Аляксандрам Рыгоравічам, і Астану з прэзыдэнтам Назарбаевым. Вас будзе кідаць і ўлева, і ўправа, і вы будзеце скакаць як смажаныя пеўні на патэльні.

Такім чынам, адносна агульнай мытнай прасторы адбываюцца больш сур’ёзныя справы, чым рэгуляваньне санітарна-гігіенічнага кантролю. Расея паказвае, што болей гуляць у цацкі, угаворваць яна не зьбіраецца. Крэмль прымушае, менавіта ўжо прымушае партнэраў рабіць тое, што патрэбна Расеі.

Расея значна зьменшыла закупы беларускіх тавараў. А ў Менску цьвердзяць пра сувэрэнітэт. Які сувэрэнітэт, калі вашы тавары не купляюць?! Каму вы патрэбныя, калі ваш экспарт зваліўся на 26%?! Ваш сувэрэнітэт — гэта заробак у 250–300 даляраў, сьціплае жыцьцё і напалову зламаны нямецкі „Мэрсэдэс“».

Леанід Заіка тлумачыць, якіх мэтаў мяркуе дасягнуць Крэмль сваёй фінансавай палітыкай:

«Пасьля Мытнага саюзу наступны крок — і тэарэтычны, і лягічны — гэта Адзіны валютны саюз. Вось і ідзіце туды! І спыняйце ўсе гэтыя размовы пра ваш сувэрэнітэт».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG