«Раней перад выбарамі ўлады актыўна падвышалі заробкі і пэнсіі і ўтрымлівалі курс рубля, а цяпер гэтага ня робяць. Чаму?» На гэтае пытаньне адказваюць жыхары Гомеля.
Гамяльчук сярэдніх гадоў: «Напэўна, гэта ўсё-ткі крызіс — няма з чаго павялічваць. Грошай няма ў краіне».
Жанчына, якая працуе: «Бо крызіс, і трэба рэальна глядзець на рэчы. Навошта ўскладняць сытуацыю — трэба выжыць. Навошта падманваць? Пачынаць перад выбарамі паказуху, падкупляць выбарцаў — навошта гэта трэба? Калі няма магчымасьці павысіць, значыць, няма».
Пэнсіянэр: «Усё нармальна. Пэнсію павышаюць з 5 верасьня на пяць адсоткаў. Ніхто на гэта ня крыўдзіцца. Усім вядома пра сусьветную крызісную сытуацыю, у тым ліку ў Расеі й Беларусі. Усё залежыць ад эканамічнага разьвіцьця дзяржавы».
Жанчына сярэдняга веку: «Грошай няма. Усе грошы пайшлі на ўсялякія сьвяты».
Інжынэр: «Пэўна, няма тых магчымасьцяў у дзяржавы, якія былі раней. Альбо Аляксандар Рыгоравіч настолькі перакананы ў сваёй перамозе, што ня лічыць патрэбным рабіць нейкія захады для сваёй перамогі».
Жанчына перадпэнсійнага веку: «Проста няма з чаго падвышаць — пагадзіцеся з гэтым. Горш у нас стала, чым было. І працаваць стала нашмат складаней і цяжэй».
Мужчына: «Таму што грошай няма — ані ў людзей, якія працуюць, ані ў дзяржавы ў казьне».
Жанчына: «Бо крызіс усюды — па ўсёй краіне».
Малады гамяльчук: «Сытуацыя такая склалася. Мы залежым ад Расеі — на 99 адсоткаў наша эканоміка залежыць ад Расеі. Тое, што адбываецца ў Расеі, адбіваецца на нашай эканоміцы. Мы на гэта рэагуем. Упалі кошты на нафту, упала эканоміка Расеі, і, адпаведна, упалі й мы. Бо мы жывём за кошт Расеі на 99 адсоткаў».
Пэнсіянэрка: «На заводах скарачэньні, людзей скарачаюць, моладзь нават скарачаюць — з-за гэтага ў нас нічога й няма».
Мужчына ў гадах: «Грошай няма ў бюджэце — усеагульны крызіс. У Беларусі крызіс, у Расеі крызіс, ва Ўкраіне крызіс, у Казахстане крызіс».
Жанчына сталага веку: «Ня думаю і думаць не хачу. Што ёсьць, тое і ёсьць — спраўляемся на сваю пэнсію».
Пэнсіянэр са стажам: «Прэзыдэнта трэба мяняць, бо эканоміка ўпала. Нафта патаньнела, даляр падвысіўся, рубель упаў. Мы ж не свабодныя людзі, хоць у нас самастойная рэспубліка. Мы ж падпарадкоўваемся Расеі. У Расеі рубель упаў, і ў нас на 30 адсоткаў свой адразу дэвальвавалі. Падлабуньваюцца пад Расею. Жыцьцё лепшым ня будзе. І пэнсіі будуць зьмяншацца. Калі я раней атрымліваў 3 мільёны, то па тых грашах гэта адпавядала 300 далярам. Цяпер я атрымліваю 150 даляраў — з прычыны дэвальвацыі нашага рубля. Цяпер ён дабавіў мне 127 тысяч — во як шмат! Ён нас ашчасьлівіў».