Пра гэта паведаміў Свабодзе сябра нябожчыка Зьміцер Шурхай:
«Цела Алеся знаходзіцца ў Днепрапятроўску. Чакаюць прадстаўніка амбасады Беларусі. Ён павінен прыехаць у Днепрапятроўск, каб закрыць усе справы па дакумэнтах і каб далей машына магла ехаць у напрамку Беларусі».
Спадар Шурхай выказаў хваляваньне, каб гэтая працэдура не зацягнулася:
«Тут такая сытуацыя — прыедзе ці не прыедзе. І вось чакаюць. Здаецца, выходзіў на сувязь і яго чакаюць там. Я проста заклікаю ўлады, грамадзтва, каб неяк паўплывалі на гэтую сытуацыю. Спадзяюся, што з боку Міністэрства замежных спраў, беларускай амбасады ва Ўкраіне гэта ўсё пройдзе чалавечна, што яны ня будуць зацягваць гэты працэс. Бо тут чакаюць родныя, чакае маці».
Алесь Чаркашын быў паранены ў баі пад Белакаменкай на Данбасе і памёр у шпіталі ў Запарожжы пасьля некалькіх тыдняў комы. Беларус ваяваў пад пазыўным «Сябар Тарас» у тактычнай групе «Беларусь» у складзе Добраахвотнага ўкраінскага корпусу «Правага сэктару».