Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Валер Палхоўскі: «Пакуль расейскі рубель будзе падаць, будзе падаць і беларускі рубель»


аналітык кампаніі «Forex Club» у Беларусі» Валеры Палхоўскі
аналітык кампаніі «Forex Club» у Беларусі» Валеры Палхоўскі

Старшы аналітык групы кампаніяў «Форэкс-клюб» Валеры Палхоўскі лічыць, што рэзкае падзеньне беларускага рубля — гэта адлюстраваньне таго, што адбываецца на расейскім рынку. Тут працуе выключна зьнешні фактар. А беларускія ўлады гэтым разам спрацавалі дакладна, ня стрымліваючы імклівы абвал рубля, лічыць фінансавы аналітык:

«Ясна, што гэта адлюстраваньне той тэндэнцыі, якая адбываецца на валютным рынку Расеі. Падаюць цэны на нафту — сёньня яны апусьціліся ўжо ніжэй за 45 даляраў за барэль. Але як доўга гэта будзе працягвацца — ня ведае ніхто.

Калі б у нас рубель да даляру ня зьнізіўся, то адбылося б умацаваньне беларускага рубля да расейскага зноў, прычым, умацаваньне дастаткова моцнае. І з чым бы мы зноў сутыкнуліся? Прыкладна з тым жа, што адбылося ў сьнежні 2014 года.

Што да бліжэйшых пэрспэктываў, то пакуль расейскі рубель будзе падаць, будзе падаць і беларускі рубель. А расейскі рубель сёньня аднавіў гістарычныя максымумы. Зараз адбываюцца калясальныя рухі на валютным рынку Расеі, і калі б мы зноў іх праігнаравалі, мы б зноў атрымалі расейскі рубель па 200, і адпаведна — паток беларусаў па пакупкі ў Расейскую Фэдэрацыю.

Таму гэтым разам, я лічу, усё было зроблена асабліва дакладна, з улікам тых нэгатыўных памылак, якія былі дапушчаныя ў канцы 2014 года. Зараз Нацыянальны банк не дапускае празьмернага ўмацаваньня беларускага рубля да расейскага.

Народ можа пабегчы зараз у абменьнікі здаваць беларускія рублі, набываючы даляры і эўра. Але на гэтым можна і вельмі лёгка прайграць. Таму што калі цэны на нафту хутка адкруцяцца назад — а такое на ўсясьветных рынках бывала, і ня раз, то гэтаксама ж хутка і расейскі рубель адыграе назад, і ў нас беларускі рубель умацуецца, а даляр зьнізіцца. Гэта ўжо гульня. Калі хтосьці зараз пабяжыць мяняць рублі на даляры, то ён стане самым сапраўдным гульцом на валютным рынку, які гуляе на курсах. Па-рознаму бывае. Тут можна і выйграць, а можна і прайграць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG