1980-я гады называюць «залатым векам» беларускай тэлевізіі і дакумэнтальнага кіно. Сярод тых асобаў, якія з экрана несьлі гледачам духоўныя каштоўнасьці, прапагандавалі беларускую культуру і самі стваралі нацыянальны культурны прадукт, была і Вера Савіна — тэлежурналістка, сцэнарыстка дакумэнтальнага кіно. У тэлестудыі Радыё Свабода яна разважае пра культурную прастору Беларусі тады і цяпер.
Фрагмэнты перадачы:
Вячаслаў Ракіцкі: Чаму тады, у 1980-я гады, беларускае тэлебачаньне было і рэтрансьлятарам культуры і само стварала культурны прадукт, само было фактам культуры, а сёньня яно як бы пакідае культурны кантэкст Беларусі?
Вера Савіна: А мне здаецца, што ад культурнага кантэксту адыходзіць само нашае жыцьцё. Ня толькі тэлебачаньне і тэатральная крытыка, а і мы самі выпадаем наогул з прасторы культуры. Гэта мой боль. Мяне гэта хвалюе, мне гэтага не хапае нават у маім духоўным жыцьці.
Ракіцкі: Тады якую функцыю выконвае сёньня беларускае тэлебачаньне, калі яно само сябе вывела за межы культурнага кантэксту краіны?
Савіна: Нейкую сэрвільную функцыю. Мне так здаецца. Час ад часу я гляджу гэтае тэлебачаньне. Усе сьпяваюць, усе танцуюць, усе там у нейкіх конкурсах удзельнічаюць. Але гэта нейкая субкультура. Што тычыцца той культуры, якая фармуе душу чалавека, якая дапамагае чалавеку адчуць у сабе нешта чалавечае, ці нават боскае — натуральна, калі гэта вялікі твор культуры — гэтага няма.
Ракіцкі: А якое ваша стаўленьне да таго, што некалькі дзён таму на пікеце ў падтрымку свабоды слова тэлевізар з надпісам «БТ», быў выкінуты ў сьметніцу? Гэта ж калісьці было для нас з вамі вельмі дарагім тэлебачаньнем... Яно заслугоўвае гэтага?
Савіна: Гэта ж быў нейкі пэрформанс. А чаму б і не? Пасьля рэвалюцыі была такая плынь, і вы яе таксама добра ведаеце, — Пралеткульт. Пралеткультаўцы скідвалі з карабля сучаснасьці творы нават клясыкаў. Гэта і спэктакль, і пратэст. А да пратэсту трэба прыслухоўвацца.