Калі ж лічыць заяўкі на рэгістрацыі маладзёвай і рэгіянальных арганізацыяў БХД у якасьці грамадзкіх аб’яднаньняў, то колькасьць адмоваў набліжаецца да 20. Пра гэта паведаміў Радыё Свабода сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі.
«Гэты адказ, на жаль, чаканы, і гэта яшчэ раз падкрэсьлівае, што ў Беларусі няма нават элемэнтарных нормаў дэмакратыі ні ў адной галіне — ні ў палітычнай, ні ў сацыяльнай, ні ў эканамічнай. Правядзеньне час ад часу выбарчых кампаніяў — гэта толькі шырма, каб зрабіць такі выгляд, што ў Беларусі існуюць элемэнтарныя нормы дэмакратыі. Насамрэч іх няма, правы чалавека парушаюцца, і адмова ў рэгістрацыі БХД — гэта яшчэ адзін факт, які гэта пацьвярджае», — заявіў ён.
Паводле Рымашэўскага, сутнасьць адмовы Мін’юсту была тая самая, як і ў папярэднія разы.
«Па-першае, гэта заявы трох чалавек, якіх яны прымусілі адмовіцца ад свайго подпісу ў падпісным лісьце заснавальнікаў. Нам былі вядомыя гэтыя факты, калі на людзей ціснулі, і мы будзем па іх падаваць заяву ў пракуратуру. Тут нічога не памянялася, той жа самы ціск быў і мінулы раз. Па-другое, Мін’юст запатрабаваў дакумэнты, якія не прадугледжаныя законам у сьпісе абавязковых дакумэнтаў, якія трэба падаваць заснавальнікам. У прынцыпе мы тут ім традыцыйна адмаўляем, таму што, напрыклад, яны патрабуюць апісаньня месцаў рэгіянальных сходаў. А для рэгіянальных гарадоў гэта звычайна небясьпечна для тых людзей, якія даюць памяшканьне (часам такія праходзяць на кватэрах), і за гэтым цягнецца дадатковы ціск. Мы гэта ўжо праходзілі ў папярэднія чатыры разы», — кажа адзін зь лідэраў БХД.
Як адзначыў Рымашэўскі, гэта галоўныя падставы для адмовы рэгістрацыі БХД, на якія спасылаўся Мін’юст.
«Мы ведаем, што падчас дыялёгу па правах чалавека, які адбываўся паміж ЭЗ і Беларусьсю, прадстаўнікі беларускіх уладаў адкрытым тэкстам казалі: так, мы не рэгіструем арганізацыі, бо гэта для нас такі дадатковы кантроль за тымі арганізацыямі, якія могуць быць дэструктыўнымі або небясьпечнымі. Гэта такі таталітарны падыход, калі людзі ня толькі прымаюць беззаконныя рашэньні, але і маюць нахабства пра гэта казаць», — распавёў палітык.
Трэба адзначыць, што ў 2011 годзе ў інтэрвію Washington Post Лукашэнка заявіў, што хрысьціянскія дэмакраты, імаверна, ніколі ня будуць зарэгістраваныя, бо яны «бандыты» і «ўдзельнічалі ў беспарадках».