Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо пяцёра кажуць, што маюць 100 тысяч подпісаў на прэзыдэнцтва


Ужо пяць прэтэндэнтаў, якія намагаюцца стаць кандыдатамі на пасаду прэзыдэнта, заяўляюць, што маюць патрэбныя 100 тысяч подпісаў.

Аднак у праўдзівасьці гэтых зьвестак можна будзе пераканацца толькі пасьля таго, як подпісы правераць тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі. Да заканчэньня збору подпісаў у падтрымку патэнцыйных кандыдатаў на прэзыдэнта Беларусі застаецца роўна пяць дзён.

З чым выходзяць на фініш каманды прэтэндэнтаў.

САБРАНА

Лукашэнка — больш за 900 тысяч

Гэтая лічба прагучала з вуснаў кіраўніка ініцыятыўнай групы дзейнага прэзыдэнта Міхаіла Орды.

Цярэшчанка — больш за 140 тысяч

Такую колькасьць назваў Свабодзе кіраўнік ініцыятыўнай групы прэтэндэнта Алег Несьцяркоў:

«Чаму мы зьбіраем болей за 100 тысяч? Нашы валянтэры, чальцы ініцыятыўнай групы проста просяць не спыняцца. Ёсьць цікавасьць грамадзянаў, ёсьць непасрэдная цікавасьць да Цярэшчанкі. Тое, што ён адзіны эканаміст сярод прэтэндэнтаў, таксама дае нам плюс. Віктар таму і знаходзіцца ў такой выйгрышнай сытуацыі. Мы вечарамі зьбіраемся. Абмяркоўваем пытаньні, якія нам задаюць выбарцы, і бачым, што да Цярэшчанкі зьвяртаюцца найперш як да эканаміста».

Гайдукевіч — каля 125 тысяч

Дадзеныя прыводзіць першы намесьнік старшыні Лібэральна-дэмакратычнай партыі Алег Гайдукевіч:

«Дакладную лічбу мы і самі ня ведаем. Нягледзячы на тое, што збор подпісаў мы спынілі, рэгіёны пакрыху яшчэ даносяць. Можа 124 тысячы. Можа 125. Збор спынілі ў пятніцу. Няма далей сэнсу працягваць. Там-сям пікеты яшчэ стаяць, але ўжо болей подпісы не зьбіраем».

Караткевіч — 105 тысяч

Пра рубеж, які ўжо ўзяла прэтэндэнтка, паведамляе кіраўнік яе выбарчага штабу Андрэй Дзьмітрыеў.

Улаховіч — 100 тысяч

Кіраўнік ініцыятыўнай групы Мікалая Ўлаховіча, заснавальніка аб’яднаньня «Беларускае казацтва» — Міхаіл Образаў гаворыць Свабодзе, што плянка ў 100 тысяч подпісаў пераадоленая:

«Мы, як і абяцалі, ідзем строга і сур’ёзна, бяз танкаў і ровараў, бяз помпы і эпатажу. Як кажуць, у рабочым парадку дзейнічаем».

Лябедзька — каля 70 тысяч

Лічбу на канец мінулага тыдня назваў кіраўнік ініцыятыўнай групы лідэра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Віктар Карняенка:

«Мы зараз канцэнтруемся на працы. І найхутчэй новыя дадзеныя ўжо зьбіраць ня будзем. Гэта ўжо ня так прынцыпова. Галоўнае — працаваць. Хутчэй за ўсё, сабраць 100 тысяч будзе праблемна. Таму канцэнтруемся на працы, каб пашырыць як мага больш геаграфію».

Калякін — 64 тысячы

Кіраўнік ініцыятыўнай групы лідэра партыі «Справядлівы сьвет» Сяргея Калякіна Валер Ухналёў паведаміў Свабодзе, што гэта дадзеныя ад пачатку збору подпісаў па панядзелак 10-га жніўня ўключна:

«Сытуацыя складаная. Таму мы вырашылі лішні раз не чапляць людзей. І фактычна тыдзень іх не абзвоньвалі. Абноўленыя лічбы стануць вядомыя сёньня ўвечары».

Раманоўская — колькасьць невядомая У пэдагога Жанны Раманоўскай, якая часова не працуе, у ініцыятыўнай групе толькі 110 чалавек. Кандыдатка па-ранейшаму адмаўляецца агучваць лічбу сабраных за яе подпісаў.

ЗДАДЗЕНА

Сапраўднасьць лічбаў, якія паступаюць з выбарчых штабоў патэнцыйных кандыдатаў на пасаду кіраўніка беларускай дзяржавы, можа пацьвердзіць альбо абвергнуць толькі Цэнтральная выбарчая камісія. Як паведамілі Свабодзе ў ЦВК, новыя дадзеныя сёньня толькі зьбіраюцца. А агучыць іх журналістам старшыня Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына 18 жніўня пасьля сустрэчы з кіраўніком місіі назіральнікаў ад СНД Сяргеем Лебядзевым.

У ЦВК толькі паведамілі, што тры патэнцыйныя прэтэндэнты — Анатоль Лябедзька, Жанна Раманоўская і Віктар Цярэшчанка — дагэтуль не здалі на праверку ніводнага подпісу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG