Такое меркаваньне Радыё Свабода выказалі экспэрты.
Учора ў інтэрвію тэлеканалу ОНТ міністар замежных спраў Уладзімер Макей заявіў, што Беларусь не адчувае ціску з боку краінаў Захаду ў сувязі з надыходзячымі ў кастрычніку прэзыдэнцкімі выбарамі.
«Ніхто ня ставіць нам умоваў у сувязі з правядзеньнем выбараў, і ніхто ня мае права ставіць нам умовы. Мы сувэрэнная краіна, мы праводзім выбары ў адпаведнасьці з нацыянальным заканадаўствам і міжнароднымі абавязацельствамі», — сказаў Макей.
Дырэктар Цэнтру Эўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў у інтэрвію Радыё Свабода сказаў, што ўмовы Эўразьвязу адносна прэзыдэнцкіх выбараў існуюць хутчэй фармальна, як пэўныя міжнародныя крытэрыі, але правядзеньне дэмакратычных выбараў сёньня не зьяўляецца выключнай умовай для разьвіцьця беларуска-эўрапейскіх адносінаў.
«У прынцыпе Макей больш радыкальна агучвае гэтую пазыцыю, але так можна сказаць», — канстатуе ён.
Калі падчас выбараў ня будзе вельмі жорсткіх парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі, то можна будзе разьлічваць на працяг наладжваньня дыялёгу паміж Брусэлем і Менскам, лічыць палітоляг.
Але на афіцыйнае прызнаньне вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў, на думку Ягорава, Эўразьвяз ня пойдзе — калі, канечне, выбары сапраўды ня будуць адпавядаць стандартам АБСЭ. Максымум на што могуць разьлічваць улады Беларусі — гэта тое, што Брусэль канстатуе пэўны прагрэс.
Але якую мэту ставіць сёньня перад сабой Эўразьвяз у дачыненьні да Беларусі? Ягораў лічыць, што гэтага ня ведаюць нават у Брусэлі.
«Выразнага разуменьня, чаго Эўразьвяз хоча ад Беларусі і краін „Усходняга партнэрства“, няма нават у самім Брусэлі, таму што там няма стратэгічнай вызначанасьці наконт зьнешняй палітыкі Эўразьвязу. Зьнешняя палітыка фармулюецца ў дастаткова размытых тэрмінах — напрыклад, што трэба стварыць кола сяброў вакол Эўразьвязу, якія б былі дастаткова багатыя, дэмакратычныя, стабільныя і г.д. Але гэта ня ёсьць фармулёўкай нейкіх канкрэтных выразных мэтаў, якія могуць быць дасягнутыя ў кароткатэрміновай ці сярэднетэрміновай пэрспэктыве, яны нават ня могуць быць вымераныя як нейкая стратэгічная мэта руху Эўразьвязу. Таму зараз усё застаецца ў такой нявызначанай сытуацыі. Але паглядзім, што будзе восеньню, таму што восеньню павінна быць падрыхтаваная перагледжаная палітыка суседзтва ЭЗ — магчыма, там будзе больш канкрэтна пазначана, чаго ўласна Эўразьвяз хоча ад гэтых краін», — кажа палітоляг.
Дырэктар па дасьледаваньнях «Лібэральнага клюбу» Яўген Прэйгерман
наагул лічыць, што нельга казаць пра нейкія ўмовы ці патрабаваньні ў кантэксце таго перамоўнага працэсу паміж Менскам і Брусэлем, які актыўна ідзе апошнія паўтара года.
«Зразумела, што пазыцыя заходніх краін застаецца нязьменнай, ёсьць інстытуцыі, якія ацэньваюць хаду прэзыдэнцкай кампаніі (у прыватнасьці БДІПЧ АБСЭ) і зразумела, што Захад пасьля гэтых ацэнак таксама ўжо фармулюе сваю пазыцыю. Гэта нікуды не сышло, але што прынцыпова важнае ў адрозьненьне ад 2010-2012 гадоў, гэта тое, што калі існуе перамоўны працэс, калі ёсьць пакрокавае збліжэньне пазыцыяў, гэта ёсьць хутчэй не патрабаваньне, а частка пазыцыянаваньня бакоў у рамках гэтых перамоў», — кажа экспэрт.
На думку Прэйгермана, вызначэньне канчатковых мэтаў Эўразьвязу адносна Беларусі ўскладняюць падзеі апошніх гадоў у рэгіёне — гэта не дае Брусэлю магчымасьці будаваць доўгатэрміновыя пляны.
«Я думаю, што канчатковая мэта ў тым, каб выйсьці на нармальныя адносіны, як зь любой іншай краінай усходнеэўрапейскага рэгіёну. Зразумела, што сыходзячы ў першую чаргу з унутрыпалітычных прычынаў лідэры краін Эўразьвязу і прадстаўнікі інстытуцый ЭЗ ня могуць заплюшчваць вочы на нейкія відавочныя парушэньні правоў чалавека. І ў гэтым сэнсе ім таксама хацелася б, каб тут не было ніякіх нечаканасьцяў падчас выбараў і каб на працягу наступных некалькіх гадоў атрымалася выйсьці на нейкія нармальныя стасункі з афіцыйным Менскам. Іншая справа, што на фоне падзеяў у рэгіёне цяпер цяжка казаць, што, напрыклад, Эўразьвяз намагаецца заключыць нейкую дамову, напрыклад Дамову аб асацыяцыі з краінамі „Ўсходняга партнэрства“, і гэта ёсьць мэта. Тут усё становіцца больш цяжкім, і насамрэч цікава, што будзе адбывацца ў бліжэйшыя гады. Ёсьць, напрыклад, Армэнія, якая ўжо амаль заключыла Дамову аб асацыяцыі, а потым уступіла ў ЭАЭС, і цяпер ідуць перамовы пра нейкі новы тып пагадненьняў. Тое ж самае, хутчэй за ўсё, зусім хутка будзе актуальна і для Беларусі», — лічыць экспэрт.
Паводле слоў Прэйгермана, разьлічваць на нейкі прарыў у беларуска-эўрапейскіх адносінах пасьля прэзыдэнцкіх выбараў ня варта.
«Усё ідзе паступова, і гэта насамрэч найлепшы варыянт, каб адносіны будаваліся паступова, а не празь нейкія прарывы. Калі будзе магчымасьць па выніках будучых выбараў канстатаваць прагрэс (зразумела, што цалкам пазытыўнай ацэнкі з боку ЭЗ ня будзе — гэта відавочна нават з аналізу заканадаўчай базы) — гэта будзе значыць, што паступовасьць пазытыўнай дынамікі ня будзе прыпыняцца, як гэта было, напрыклад, у 2010 годзе. Мы будзем намацваць нейкую глебу для таго, каб выходзіць на нейкую дамову з Эўразьвязам. Ну і таксама ёсьць пэрспэктыва, з улікам незразумелага геапалітычнага становішча ў рэгіёне, нейкіх новых праектаў, як палітычнага складу, так і эканамічнага», — кажа ён.