Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ісламская дзяржава» ўжыла хімічную зброю


Выбух бомбы зь верагодным выкарыстаньнем хлёру ў горадзе Аль-Алам ў правінцыі Салахудзін, Ірак. 10 Сакавіка 2015 году
Выбух бомбы зь верагодным выкарыстаньнем хлёру ў горадзе Аль-Алам ў правінцыі Салахудзін, Ірак. 10 Сакавіка 2015 году

ЗША валодаюць вартай даверу інфармацыяй пра выкарыстаньне групоўкай «Ісламская дзяржава» гарчычнага газу ў Іраку.

Пэнтагон мае зьвесткі, што групоўка «Ісламская дзяржава», па ўсім відаць, выкарыстоўвала супраць атрадаў курдаў у Іраку баявое атрутнае рэчыва іпрыт. Пра гэта ў чацьвер увечары са спасылкай на крыніцы ў Міністэрстве абароны ЗША паведамілі вядучыя амэрыканскія сродкі інфармацыі.

Па словах амэрыканскага прадстаўніка, дзьве найбольш верагодныя крыніцы гарчычнага газу — гэта старыя запасы, што засталіся ў Іраку з часоў Садама Хусэйна, альбо хімічныя сродкі, завезеныя ў краіну з Сырыі, якая два гады таму прызналася ў наяўнасьці ў сябе вялікай колькасьці гэтага газу і абяцала цалкам яго зьнішчыць.

Іпрыт — параўнальна прымітыўны сродак паразы, і для таго, каб мець эфэкт, павінен прымяняцца масіравана, сказаў амэрыканскі прадстаўнік. Паводле яго слоў, «гэта апошняе ў шэрагу сьведчаньняў, што групоўка „Ісламская дзяржава“ ня спыніцца ні перад чым дзеля дасягненьня сваіх мэтаў».

Міністэрства абароны ФРГ распаўсюдзіла інфармацыю, атрыманую ад нямецкіх ваенных інструктараў, якія навучаюць курдзкія фармаваньні ў ваколіцах гораду Арбіл, што каля шасьцідзесяці курдзкіх байцоў адчувалі цяжкасьці з дыханьнем у выніку хімічнай атакі.

Паводле ацэнкі аналітыкаў, ужываньне ісламістамі баявых атрутных рэчываў — важная падзея, але не сэнсацыя, паколькі экспэртная супольнасьць ужо даўно меркавала, што хімічная зброя можа апынуцца ў руках «Ісламскай дзяржавы».

Амэрыканская выведка раней паведамляла, што ісламісты ў Іраку зь вялікай верагоднасьцю выкарыстоўвалі ў баявых мэтах хлёр. Гэты газ не забаронены міжнароднымі канвэнцыямі, але яго баявое прымяненьне строга забараняецца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG