Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Горадня: «Пяць маладых дзяўчат, якія зьбіралі подпісы за Лукашэнку, падпісаліся за Караткевіч»


Зьбіральнікі подпісаў за апазыцыйных кандыдатаў на Гарадзеншчыне распавядаюць, што даводзіцца сустракацца з самымі рознымі сытуацыямі: ад агрэсіі да таго, што зборшчыкі подпісаў за Лукашэнку самі падпісваюцца за іхняга кандыдата.

На Гарадзеншчыне працягваюць зьбіраць подпісы пераважна за трох кандыдатаў: Тацяну Караткевіч, Анатоля Лябедзьку і Аляксандра Лукашэнку. Зьбіральнікі подпісаў стаяць у пікетах і ходзяць па кватэрах. Распавядаюць, што даводзіцца сустракацца з самымі рознымі сытуацыямі.

Да прыкладу, на Міколу Ворана, які адзін у пікеце зьбірае подпісы за Лябедзьку, невядомы ўчыніў напад. Давялося выклікаць міліцыю, нападніка затрымалі, але на тым усё і скончылася. Воран кажа, што яго нават не выклікалі ў міліцыю даваць паказаньні, хоць яўна ўчынена злачынства. Паводле Ворана, супраць яго была зьдзейсьнена невыпадковая правакацыя.

— Ніхто мне зь міліцыі нічога не паведамляў, не тэлефанаваў, хаця ўсе мае каардынаты ў міліцыі ёсьць. Я ўпэўнены, што напад быў правакацыяй, арганізаванай спэцслужбамі. Дый наагул даволі часта некаторыя асобы сябе паводзяць вельмі агрэсіўна, прычым адкрыта кажуць — маўляў, дзе ступіла нага рускага чалавека, там і ёсьць «русский мир». Праўда, я ўжо даўно ўсяго гэтага перастаў баяцца.

Мікола Воран
Мікола Воран

Зьбіральнік подпісаў за Караткевіч Эдвард Дзьмухоўскі пра працэс у цэлым кажа даволі бадзёра: маўляў, стаім пад бел-чырвона-белым сьцягам і ніхто за гэта не карае, людзі подпісы ставяць, часам пытаюцца — калі вас адсюль прагоняць? Часам даводзіцца выслухоўваць і лаянку ў свой бок, але пазытыўных эмоцыяў болей. Нядаўна здарыўся выпадак, які, паводле Дзьмухоўскага, ніколі не забудзецца.

— Ну вось, маладыя дзяўчаты, якія зьбіраюць подпісы за Лукашэнку, падышлі да мяне і паставілі ўпяцёх подпісы за Караткевіч. Яны студэнткі, і подпісы іх паслалі зьбіраць, напэўна, пад прымусам. Але яны падышлі і паставілі за нашага кандыдата.

Зьміцер Бандарчук, каардынатар каманды Караткевіч у Горадні, кажа, што падчас збору подпісаў даводзіцца сутыкацца з самымі рознымі чалавечымі праявамі. Найчасьцей гэта апатыя. Але, паводле яго, сустракаюцца ў электарату і іншыя цікавыя рэакцыі.

— Я нават ня ведаю, ці можна казаць пра гэта ў эфіры, але людзі часам пасылаюць нас у самай нецэнзурнай форме. А самае прыемнае — калі выбарцы адразу ведаюць, чаго мы прыйшлі, ведаюць нашага кандыдата і разам з нашымі зьбіральнікамі подпісаў абыходзяць усе кватэры ў сваім пад’езьдзе і выступаюць у якасьці агітатара за нашага кандыдата.

Сёньня ў Горадні подпісы зьбіраў Анатоль Лябедзька. Ён быў на некалькіх рынках, стаяў у пікеце побач з аўтавакзалам, хадзіў да прахадных гарадзкіх прадпрыемстваў, па вуліцах Горадні. Ягоная галоўная выснова на гэты час адносна выбарчай кампаніі — поўны крах выбарчай сыстэмы ў Беларусі.

— Калі да гэтага часу выбары лічыліся нейкай падзеяй палітычнай пры адсутнасьці палітыкі, калі гэта быў нейкі ажыятаж, нейкае чаканьне, то цяпер прабіваецца ў вялікай колькасьці апатыя. Людзі ня зьвязваюць з выбарчай кампаніяй пераменаў у грамадзтве — гэта банкруцтва цяперашняй выбарчай мадэлі. Лукашэнка моцна любіць высокія лічбы, але да гэтага часу яны падмацоўваліся нейкай падтрымкай ягонага электарату, а цяпер гэтага няма.

А яшчэ Лябедзька падзяліўся самым эмацыйным момантам падчас збору подпісаў. Ён узгадаў паездку ў невялікі гарадок Кастрычніцкі, што на Палесьсі.

— Людзі мне там казалі, што ў гады вайны да іх нават немцы не даяжджалі, бо не было дарогаў. І калі я з мэгафонам пайшоў на рынак, то людзі там уставалі, ішлі насустрач, прасілі яшчэ нешта распавесьці, прасілі гаварыць зь імі... Гэта было папросту несамавіта. Там іншы рытм жыцьця, там людзі не сьпяшаюцца, не бягуць нікуды, але разам з тым іх вочы адкрытыя і цікавасьць была найвелізарнейшая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG