Пра гэта 13 жніўня паведаміла старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына. У сваім чарговым відэазвароце, які зьяўляецца раз на тыдзень, яна агучыла наступную інфармацыю.
У падтрымку Аляксандра Лукашэнкі ў тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі на праверку паступіла больш за 900 тысяч подпісаў. Яны раўнамерна разьмеркаваныя па ўсіх рэгіёнах.
35 тысяч подпісаў здадзеныя за Сяргея Гайдукевіча. Ягоная ініцыятыўная група яшчэ не прыносіла подпісы зь Берасьцейскай і Віцебскай абласьцей.
Каманда Мікалая Ўлаховіча здала правяраць больш за 15 тысяч подпісаў. Яны ахопліваюць сталіцу і сталічную вобласьць.
1000 подпісаў аддалі на праверку ў Берасьцейскай і Віцебскай абласьцях за Тацяну Караткевіч.
48 подпісаў за Сяргея Калякіна паступілі ў раённую тэрытарыяльную камісію ў Менскай вобласьці.
Ініцыятыўныя групы Анатоля Лябедзькі, Жанны Раманоўскай і Віктара Цярэшчанкі яшчэ подпісаў наагул не здавалі.
Каб быць афіцыйна зарэгістраваным у якасьці кандыдата на прэзыдэнта, трэба перадаць у тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі сама меней 100 тысяч сапраўдных подпісаў грамадзян Беларусі, якія валодаюць выбарчым правам.
Лідзія Ярмошына ўдакладніла, што здаць подпісы за патэнцыйных кандыдатаў на прэзыдэнта можна будзе да 19 гадзіны 21 жніўня.