Разгляд судовай справы пачнецца а 10-й гадзіне раніцы ў панядзелак, 10 жніўня.
Шэраг грамадзян Берасьця паскардзіліся ў Вярхоўны суд на рашэньне Берасьцейскага абласнога суду, які адмовіўся распачынаць справу наконт таго, якім чынам абласныя савет дэпутатаў і выканкам сфармавалі тэрытарыяльную камісію па выбарах прэзыдэнта.
10 грамадзянаў, як і прадугледжана Выбарчым кодэксам, вылучылі ў склад камісіі сябра руху «За Свабоду» Сяргея Вакуленку, але яго туды не ўключылі. Як лічаць аўтары звароту ў Вярхоўны суд, «праз яго палітычныя перакананьні».
9 з 10 грамадзянаў, што вылучылі Вакуленку, зьвярнуліся са скаргай на рашэньне аб фармаваньні тэрытарыяльнай камісіі ў абласны суд. Але ён адмовіўся заводзіць справу, матывуючы гэта тым, што скарга не падпісаная ўсімі грамадзянамі, што вылучалі Вакуленку.
У скарзе, пададзенай у Вярхоўны суд, гаворыцца, што пераблытаныя два правы: «Ёсьць права грамадзянаў вылучаць у склад выбарчых камісій сваіх прадстаўнікоў (і там сапраўды ёсьць цэнз— ня менш за 10 чалавек) і права абскарджваць рашэньне органаў, што сфармавалі такія выбарчыя камісіі (тут Выбарчы кодэкс не прадугледжвае цэнзу)».
Сябра рады руху «За Свабоду» Дзяніс Турчаняк, які падпісаў скаргу сярод іншых грамадзян, адзначае:
«Патрабаваньне, каб скарга была падпісана ўсімі грамадзянамі, выглядае абсурдным. Вылучыць свайго прадстаўніка ў выбарчую камісію могуць не дзесяць чалавек, што ёсць мінімумам, а, скажам, тры тысячы. Атрымліваецца, што ў выпадку жаданьня абскардзіць рашэньне, будуць запатрабаваныя подпісы ўсіх трох тысяч. А калі нехта з іх раптоўна памрэ? Тады што, астатнія 2999 страцяць права на абскарджваньне?».