Лінкі ўнівэрсальнага доступу

170 тысячаў расейцаў просяць Пуціна не зьнішчаць санкцыйныя прадукты


Больш за 170 тысячаў подпісаў сабрала пэтыцыя на сайце change. org з патрабаваньнем адмяніць прэзыдэнцкі ўказ аб зьнішчэньні прадуктаў, увоз якіх у Расею забаронены. Пра гэта паведамляе ВВС.

Замест таго, каб зьнішчаць прадукты, аўтары пэтыцыі патрабуюць прыняць закон «аб бязвыплатнай перадачы прадуктаў і тавараў народнага спажываньня грамадзянам Расеі, якія жывуць у нястачы».

«Навошта нам зьнішчаць сьвежыя эўрапейскія прадукты, якімі можна накарміць вэтэранаў, пэнсіянэраў, інвалідаў, шматдзетных, пацярпелых ад прыродных катаклізмаў і іншых, хто мае патрэбу ў дапамозе» — гаворыцца ў пэтыцыі.

Яе аўтары зьвяртаюць увагу на тое, што пасьля падаражаньня некаторых прадуктаў многія катэгорыі расейцаў вымушаныя абмяжоўваць сябе ў ежы. На думку аўтараў пэтыцыі, закон дапамог бы такім людзям «кампэнсаваць тое, што яны страцілі ў выніку санкцыяў».

На пэтыцыю ўжо адрэагавалі ў Крамлі: прэсавы сакратар прэзыдэнта Дзьмітры Пяскоў нагадаў, што ўказ уступае ў сілу 6 жніўня і зьяўляецца абавязковым для выкананьня.

«Пакуль трэба сыходзіць з гэтага» — так Пяскоў адказаў на пытаньне аб магчымасьці перагляду рашэньня.

31 ліпеня ўрад Расеі зацьвердзіў працэдуру зьнішчэньня незаконна ўвезеных у краіну санкцыйных прадуктаў.

Рашэньне аб канфіскацыі і зьнішчэньні забароненай да ўвозу прадукцыі будуць прымаць Фэдэральная мытная служба, Рассельгаснагляд або Расспажыўнагляд.

Пазбаўляцца ад санкцыйных прадуктаў загадана ў прысутнасьці прынамсі дзьвюх незацікаўленых асобаў. Акрамя таго, дакумэнт абавязвае запісваць працэдуру на відэа і фота з указаньнем даты і часу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG