Кастрычніцкі суд Магілёва спыніў адміністрацыйны працэс супраць рэдактара сайта «Наш Магілёў» Ігара Барысава.
Кастрычніцкі суд Магілёва спыніў адміністрацыйны перасьлед супраць рэдактара сайта «Наш Магілёў» Ігара Барысава. Паводле пастановы судзьдзі Дзяніса Кічыгіна двухмесячны тэрмін пакараньня асобы, супраць якой вядзецца адміністрацыйны працэс, скончыўся. Журналіста вінавацілі ў выкарыстаньні замежнай дапамогі для сайта «Наш Магілёў», а таксама ў распаўсюдзе непраўдзівай інфармацыі.
У сваіх пратаколах супрацоўнікі Кастрычніцкага аддзелу міліцыі цьвердзілі, што Ігар Барысаў незаконна атрымаў і расходаваў 11 640 эўра бязвыплатнай замежнай дапамогі для рэдагаваньня сайта «Наш Магілёў» і распаўсюджваньня агітацыйных матэрыялаў. Акрамя таго, Барысава вінавацілі ў распаўсюджваньні непраўдзівых зьвестак пра кіраўніка акцыянэрнага таварыства «Стужка», якія нібыта зьняважылі дзелавую рэпутацыю бізнэсоўца.
Абвінавачваньні Ігар Барысаў не прызнаў. На пачатку судовага працэсу ён выказаў сумнеў, што суд будзе аб’ектыўны. Казаў, што адміністрацыйны перасьлед палітычна матываваны. Заявіў хадайніцтва пра адвод суду. Сваё рашэньне журналіст патлумачыў тым, што тэрміны пакараньня па адміністрацыйнай справе выйшлі. Акрамя таго, паводле Барысава, міліцыянты, якія рыхтавалі матэрыялы справы, не хавалі, што яны нібыта кансультаваліся ў судзе, нават выпісалі позву з датай разгляду справы, хоць яе да гэтага яшчэ ў судзе і не было.
Хадайніцтва Барысава судзьдзя адхіліў, патлумачыўшы, што суд ня мае зацікаўленасьці ў выніку справы. Пасьля агучваньня матэрыялаў справы і непрацяглага перапынку судзьдзя Кічыгін пастанавіў спыніць справу, бо тэрміны пакараньня правапарушальніка выйшлі. У выраку адзначана, што начальніку Кастрычніцкага аддзелу міліцыі Магілёва будзе вынесена прыватнае вызначэньне, бо ягоныя падначаленыя не спынілі адміністрацыйнай справы супраць Барысава, а перадалі яе ў суд, калі тэрміны для пакараньня ўжо скончыліся.
Ігар Барысаў называе вэрдыкт судзьдзі Кічыгіна тэхнічным. Зь ім ён не згаджаецца. Заяўляе, што імкнуўся, каб суд прызнаў яго невінаватым.
«Я задаволены тым, што будзе вынесена прыватнае вызначэньне на адрас супрацоўнікаў міліцыі, якія парушылі заканадаўства і склалі на мяне два пратаколы, ня маючы на тое ніякіх падставаў».
Адказваючы на пытаньне, чаму адміністрацыйная справа супраць яго палітычна матываваная, Барысаў адзначыў, што ён ня толькі журналіст, а яшчэ і намесьнік старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада».
«Да мяне даходзілі сыгналы яшчэ з год таму, што супрацоўнікі міліцыі цікавіліся маёй дзейнасьцю. Прыходзілі да суседзяў. Прычэпка да публікацыі на сайце — гэта была толькі падстава, каб забраць на праверку кампутары, зрабіць агляд кватэры, каб урэшце вызначыць, што зь сябе я ўяўляю. Свайго яны дамагліся. Аднак доказы віны, у тым ліку атрыманьне мною замежнай дапамогі, нічым не пацьверджаныя. Лінгвістычная экспэртыза паказала, што ў публікацыі няма ніякага паклёпу».
Ігар Барысаў заявіў журналістам, што будзе скардзіцца ў пракуратуру на міліцыянтаў, якія парушылі закон, выпісаўшы позву ў суд, калі матэрыялы справы не былі туды яшчэ дасланыя.
Сёлета 12 сакавіка ў кватэры Ігара Барысава супрацоўнікі міліцыі правялі ператрус. Забралі кампутары, мадэм і нататнік. Падставай для «агляду месца меркаванага правапарушэньня» сталася заява ў міліцыю кіраўніка аднаго зь мясцовых прадпрыемстваў, які ўгледзеў у публікацыі на рэдагаваным Барысавым сайце «Наш Магілёў» непраўдзівыя зьвесткі пра сябе.