Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літанкета Свабоды: Макс Шчур


Макс Шчур
Макс Шчур

Макс Шчур (нар. 5.12.1977) паходзіць зь Берасьця, вучыўся ў Менску, жыве ў Празе. Аўтар некалькіх кніг вершаў («Амфітэатар», «Раньні збор», «Амальгама», «Modus bibendi», «Летні час») і прозы («Там, дзе нас няма», «Ліст, знойдзены на папялішчы», «Культуртрэгер»). Перакладае з чэскай, ангельскай, гішпанскай; публікуецца ў альманахах «Беларус» і «Запісы БІНіМ» (аповесьць «Упырхлікі», 2014), у часопісе «Дзеяслоў» і віртуальным літаратурным часопісе «ЛітРАЖ» (litrazh.org).

1. Для каго вы пішаце? (Хто ваш ідэальны чытач?)

Мая аўдыторыя — гэта чытачы альманаху «Беларус» і часопісу «Дзеяслоў», асобныя сябры, калегі і літаратурныя крытыкі; для яе і пішу. Ідэальны чытач? Хай ім будзе некаторы з маіх пэрсанажаў.

2. Дзе вам найлепш пішацца, і калі?

Гледзячы што. Паэзію ў кавярні ўвечары, прозу дома ўдзень. Мяркую, аднак, што найлепшае з напісанага ўзьнікае збольшага ня там, дзе найлепш пішацца.

3. Аўтарам якой ужо напісанай кнігі вы хацелі б быць?

«Rayuela» Картасара, «Падарожжа на край ночы» Сэліна, «Чалавека без уласьцівасьцяў» Музіля, «Каласоў»" Караткевіча... і іншых.

4. Які літаратурны герой найбольш падобны да вас?

Зьнешне — Чынаскі Букоўскага. Унутрана — бадай, Ракантэн Сартра.

5. Хто ваш улюбёны пісьменьнік?

Адзінага няма, але пад настрой скажу — Гамбровіч.

6. Што вы цяпер чытаеце?

«Жыцьцё з зоркай» Іржы Вайла, «Раманэта» Якуба Арбэса, «Эстэтычную тэорыю» Тэадора Адорна.

7. На якіх замежных мовах (расейская ня лічыцца) вы можаце чытаць?

Чэская, славацкая, гішпанская, ангельская, італьянская (павольна), француская (усё апроч бэлетрыстыкі).

8. Якая ваша найбольш улюбёная кніга з напісаных вамі?

«Там, дзе нас няма».

9. Якую кнігу вам яшчэ хочацца напісаць?

Працяг «Там, дзе нас няма».

10. Калі вы адчуваеце сябе найбольш свабодным?

У сьне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG