Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справаздача ЗША пра гандаль людзьмі: у Беларусі — сэкс-эксплюатацыя і суботнікі


Злучаныя Штаты палепшылі ацэнку Ўзьбекістану і пагоршылі яе ў дачыненьні да Беларусі ў штогадовым дакладзе пра гандаль людзьмі.

Даклад ахоплівае 188 краінаў і аналізуе іх намаганьні ў справе барацьбы з сэкс-гандлем і рознымі формамі эксплюатацыі.

Узьбексітан быў узьняты з трэцяга ўзроўню да другога з увагі на крокі, якія зрабіў Ташкент у справе прадухіленьня дзіцячай працы на зборы ўраджаю бавоўны.

Беларусь, наадварот, была паніжаная з другога на трэці ўзровень у выніку высновы, што афіцыйны Менск ня ў стане зрабіць эфэктыўныя намаганьні па выкананьні мінімальных стандартаў у справе змаганьня з гандлем людзьмі ў 2014 годзе.

Паніжэньне статусу Беларусі ў справаздачы тлумачыцца тым, што афіцыйны Менск «не дэманструе намаганьні па скарачэньні попыту на камэрцыйны сэкс і прымусовую працу». Адзначаецца, што беларускія жанчыны падарожнічаюць на працу і падвяргаюцца там сэкс-эксплюатацыі.

У справаздачы гаворыцца, што беларускі ўрад "працягвае практыку суботнікаў, якая вымагае ад супрацоўнікаў дзяржаўных устаноў, дзяржаўных прадпрыемстваў і многіх прыватных прадпрыемстваў працаваць у пэўныя суботнія дні і ахвяраваць свае даходы на фінансаваньне дзяржаўных праектаў... "Дзяржаўныя працадаўцы і ўлады запалохвалі і штрафавалі працоўных, якія адмовіліся ўдзельнічаць«,- гаворыцца ў дакладзе.

Дзяржсакратар ЗША Джон Керы заявіў у лісьце, апублікаваным разам са справаздачай 27 ліпеня, што «гандаль людзьмі зьяўляецца абразай чалавечай годнасьці і замахам на свабоду».

«Ці гаворым мы аб продажы жанчын і дзяцей тэрарыстамі на Блізкім Усходзе, пра сэкс-гандаль дзяўчатамі, якіх завабліваюць са сваіх дамоў у Цэнтральнай Эўропе, эксплюатацыю сельскагаспадарчых рабочых у Паўночнай Амэрыцы, або заняволеньне рыбакоў у Паўднёва-Ўсходняй Азіі, — у кожнай ахвяры гэтага злачынства ёсьць імя, — нагадаў Керы, — і ў кожнага з гэтых людзей былі забраныя самыя асноўныя правы чалавека».

Трэці ўзровень, на які апусьцілі Беларусь, можа прывесьці да санкцый у дачыненьні да краіны, у прыватнасьці, да скасаваньня дапамогі, не зьвязанай са зьнешнім гандлем, а таксама фінансаваньня ўдзелу дзяржаўных служачых у праграмах у сфэры культуры і адукацыі.

Пасьля публікацыі справаздачы прэзыдэнт ЗША Барак Абама будзе мець 90 дзён для рашэньня ў дачыненьні да краінаў, якія апынуліся на трэцім узроўні.

Расея і Іран знаходзяцца сярод 23 краін, якія засталіся на трэцім узроўні, разам з Паўночнай Карэяй, Сырыяй і Зімбабвэ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG