Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Гарадзеншчыне да выбарчых пікетаў баяцца падыходзіць


Пікет па зборы подпісаў за Анатоля Лябедзьку на прыватным падворку Мікалая Ўласевіча ў мястэчку Варняны
Пікет па зборы подпісаў за Анатоля Лябедзьку на прыватным падворку Мікалая Ўласевіча ў мястэчку Варняны

Сябры ініцыятыўных групаў апазыцыйных кандыдатаў на Гарадзеншчыне цьвердзяць, што сёлета збор подпісаў за вылучэньне прэтэндэнтаў у кандыдаты на прэзыдэнта Беларусі ідзе як ніколі складана: электарат не выяўляе актыўнасьці.

Спадарыня Ірына адна зьбірае подпісы за кандыдата ад АГП Анатоля Лябедзьку ў Іўі. Апавядае, што сёлета, як ніколі раней, сутыкаецца з пасыўнасьцю людзей, абыякавасьцю да выбараў. Большасьць, з кім даводзіцца гаварыць, імкнуцца абысьці пікет, аднекваюцца, а часам наагул нічога ня кажуць. Праўда, ёсьць і іншыя, якія расказваюць пра свае праблемы і ставяць подпісы.

— Наша праграма «Мільён працоўных месцаў» людзям падабаецца — гэта такая тэма, якая цікавіць практычна ўсіх. Вось, да прыкладу, адзін мне сказаў, што ўсе шэсьць чалавек у ягонай сям’і будуць галасаваць за гэтага прэтэндэнта, бо ў іх усе беспрацоўныя. Прапанавалі аднаму сыну працу ў Шчучыне, але калі туды езьдзіць і назад, то заробак увесь праезьдзіш. Падыходзілі пара чалавек і казалі, што баяцца ставіць подпіс, бо адзін раз так ужо было — і потым ледзь скончыліся непрыемнасьці на працы.

У Мастах подпісы за Тацяну Караткевіч зьбірае спадар Ёсіф. Ён адзначае, што сёлетнія выбары, як ніколі раней, паказваюць абыякавае стаўленьне электарату да іх. Спадар Ёсіф распавядае, што да пікетаў людзі баяцца падыходзіць, таму даводзіцца хадзіць па кватэрах.

Людзі ня бачаць саміх выбараў, дзе можна было б некага абіраць

— Уся праблема ў тым, што людзі ня бачаць саміх выбараў, дзе можна было б некага абіраць. Усе заранёў ведаюць, што адбудзецца, якія вынікі будуць і г.д. Я з свайго вопыту таксама лічу, што гэта ня выбары. І асабліва ў гэтай сытуацыі ўражвае такое стаўленьне ўлады да электарату.

У Ашмянах спадар Іван, які зьбірае подпісы за лідэра АГП, сутыкнуўся з тым, што людзі, калі бачаць партрэт Лябедзькі, усяляк імкнуцца яго абмінуць. Ён лічыць, што вельмі моцна на гэта спрацавала шматгадовая прапаганда беларускіх уладаў. Дарэчы, у Ашмянах, паводле яго, подпісы на пікеце зьбіраюць яшчэ толькі за Лукашэнку, астатніх ініцыятыўных групаў пакуль не відаць.

— Мне за Лябедзьку цяжка зьбіраць подпісы, бо ўсе ведаюць, што ён у апазыцыі, што ён крытык Лукашэнкі, а многім прапаганда за столькі гадоў забіла ў галовы такога, што нават сорамна слухаць. Некаторыя мне кажуць, што ён жыве ці то ў Польшчы, ці то ў Нямеччыне, а тут, маўляў, доўгія гады яго ўжо няма. Гэта якіх 20% так гавораць. А яшчэ 50% кажуць, што ён нам нічога не зрабіў...

Мікалай Уласевіч зь мястэчка Варняны Астравецкага раёну выставіў пікет побач з сваёй хатай, але кажа, што за цэлы дзень могуць падысьці толькі некалькі чалавек. Ён перакананы, што людзі папросту баяцца ставіць подпісы за апазыцыйнага кандыдата.

— Трэба, канечне, хадзіць ад дзьвярэй да дзьвярэй, бо людзі баяцца так адкрыта афішаваць свае погляды. Праўда, адчуваецца ў людзей роспач і абыякавасьць да выбараў — гэта не дазваляе ім у нешта верыць і чакаць зьменаў ад выбараў.

Аляксандра Васілевіч
Аляксандра Васілевіч

Кіраўніца абласной арганізацыі АГП Аляксандра Васілевіч, якая каардынуе збор подпісаў за вылучэнца ад АГП у Гарадзенскай вобласьці, таксама адзначае, што сёлетняя кампанія нават на гэтым этапе як ніколі складаная, прычым ня толькі з-за апатыі электарату.

— Зьявілася шмат людзей, якія выступаюць за байкот выбараў, а дакладней — за няўдзел у іх. Гэтыя людзі нічога не жадаюць рабіць, акрамя таго каб проста праседзець на канапе. А таксама адметны пласт людзей, якія адназначна выступаюць толькі за дзейную ўладу і ні пра што іншае слухаць ня хочуць, бо ім ня трэба паўтарэньня Крыму і г.д. Гэта, безумоўна, зьвязана з прапагандай, якая не сканчаецца на тэлеэкранах.

Тым ня менш Васілевіч упэўненая, што ў іх хопіць сілаў, каб сабраць неабходную колькасьць подпісаў за свайго прэтэндэнта.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG